Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Мірончык-Іванова заскочыла ў «парламент», але там нельга атрымліваць грошы за спорт. Рэжымніца застанецца без штаноў ці зусім наадварот?

Мірончык-Іванова заскочыла ў «парламент», але там нельга атрымліваць грошы за спорт. Рэжымніца застанецца без штаноў ці зусім наадварот?

Лічым.

Аўтар — bytribuna com
2 сакавіка, 13:00
Мірончык-Іванова заскочыла ў «парламент», але там нельга атрымліваць грошы за спорт. Рэжымніца застанецца без штаноў ці зусім наадварот?

У канцы лютага прарэжымная лёгкаатлетка Анастасія Мірончык-Іванова стала членам «парламента» Лукашэнкі (і заадно «ВНС»). Дэ-факта гэтае прызначэнне – на «выбарах» крайне ясна «малююць» лічбы, а «Наша Нiва» выпускала падрабязнае апавяданне, як «пераможцаў» вызначаюць загадзя, і сама датэрмінова правільна назвала 107 са 110.

Пры гэтым за месяц да атрымання новай пасады 34-гадовая Мірончык-Іванова ў Магілёве, дзе спаборнічала сама з сабой, скокнула на 6,77 метра – гэта яе найлепшы вынік з чэрвеня 2021-га. Праўда, неўзабаве заявіла, што на тым жа турніры атрымала траўму – але адзначыла, што кар’еру спартсменкі не завяршае. У лукашэнкаўскі «парламент» і так нячаста трапляюць са спорту, а каб дзеючы атлет – выпадак унікальны.

Зрэшты, поп-скакуха не выключыла, што можа завязаць са спартыўнымі выступленнямі дзеля «парламента». І на гэта ёсць як мінімум адна прычына – грашовая. Згодна з «законам» аб «дзяржаўнай службе», членам «парламента» забаронена дадаткова «выконваць аплатную працу», акрамя «педагагічнай, навуковай, культурнай, творчай дзейнасці і медыцынскай практыкі». Ва ўсёй гэтай «дзейнасці» ёсць афіцыйныя азначэнні – і спартыўныя выступленнi нікуды не ўваходзяць. Так што Мірончык-Іванова можа працягнуць скакаць – а вось атрымліваць за гэта якія-небудзь грошы больш не мае права.

Затое ў «парламенце» ёсць заробак. Страціць поп-скакуха ад пераходу на новую крыніцу фінансаў ці выйграе? Пытанне няпростае, але мы пастараліся ў ім разабрацца.

Разуменне пра ўзровень даходаў Мірончык-Івановай магла б даць яе дэкларацыя – усе кандыдаты ў рэжымныя «дэпутаты» павінны былі паведаміць звесткі пра свае даходы за 2022-i. Іх, у сваю чаргу, павінны былі апублікаваць – але калі раней гэта рабілі на сайтах «выканкамаў», то цяпер перавялі ў газеты. Некаторыя з іх выяўлялі ў незалежных медыя, але звестак па мінскіх кандыдатах там не праходзіла – на жаль, і нам не ўдалося знайсці такое друкаванае выданне, дзе змяшчаліся б патрэбныя даныя.

Асноўны заробак беларускіх лёгкаатлетаў узроўня зборнай – стаўка ў «мінспорту». Як нам удалося даведацца, яе памер пачынаецца ад прыкладна 400 долараў і павялічваецца надбаўкамі за розныя «заслугі». Зрэшты, Мірончык-Іванова па дакументах знаходзiлася ў штаце таварыства беларускіх «сілавікоў» «Дынама», так што грошы магла атрымліваць па іншых прынцыпах, нам недаступных.

Значна павысіць даходы спартсмены могуць за кошт лукашэнкаўскай імянной стыпендыі. Аднак да канца 2022-га яе прызначалі толькі за поспехі на ўзроўні чэмпіянатаў Еўропы і свету – ну і дапісаных у 2019-м Еўрагульняў. Адразу на чатыры гады Мірончык-Іванова магла б атрымаць стыпендыю ў выпадку траплення ў топ-6 на АГ – але там у 2021-м поп-скакуха правалілася і нават не выйшла ў фінал. У выніку да 2023-га стыпендыю спартсменцы даваць не было за што – але ў самым канцы 2022-га выплаты дазволілі прызначаць за дасягненні на любых міжнародных спаборніцтвах з «рэспубліканскага каляндарнага плана». Больш за тое, калі ва ўсіх відах спорту для стыпендыі патрэбны быў удзел у адной дысцыпліне са спартсменам мінімум пяці замежнікаў, то менавіта для лёгкай атлетыкі тут чамусьці зрабілі выключэнне. А яшчэ выплаты маглі прызначаць за леташнія дасягненні.

Увогуле, у тэорыі Мірончык-Іванова магла атрымліваць стыпендыю ўвесь 2023-i за перамогу ў ЧБ-2022 (ён быў «адкрытым», прыязджала некалькі замежнікаў – цалкам сабе «міжнароднае спаборніцтва» па дакументах). Поп-скакусе маглі прызначыць штомесяц да 6 бюджэтаў пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва: на пачатак 2023-га гэта было каля 820 долараў, а на канец – прыкладна 765. Аднак гэта максімальны памер выплаты – а колькі атрымлівала Мірончык-Іванова і ці атрымлівала наогул, мы не ведаем. Тым больш яе вынікі ў 2023-м пагоршыліся – у ліпені на чэмпіянаце і Кубку Беларусі поп-скакуха двойчы прайграла Віялеце Скварцовай, якая вырашыла скакаць не толькі трайным, а ў жніўні на чэмпіянаце Расіі Мірончык-Іванова стала толькі шостай. У выніку на 2024-ы лукашыстцы свяціла максімум стыпендыя ў прыкладна 500 долараў – і тое, зноў жа, не факт (іх колькасць у цэлым абмежавана).

Прызавымі ў 2023-м Мірончык-Іванова таксама магла зарабіць. БФЛА летась не плаціла за кожнае спаборніцтва, як было ў 2022-м, а заахвочвала ў канцы сезона топ-30 агульнага заліку, куды поп-скакуха паспяхова не патрапіла. Асобныя выплаты былі толькі за ЧБ – але там ад федэрацыі поп-скакусе за другое месца належыла толькі 300 рублёў. На федэрацыю ў гэтым плане не так даўно скардзіўся яшчэ адзін рэжымнік Максім Недасекаў: «У лёгкай атлетыцы з увядзеннем санкцый мы страцілі шмат, хатнія старты і праекты не могуць параўнацца па прызавых з турнірамі, якія праходзілі раней. [Лукашэнка] стыпендыямі падтрымлівае, а вось БФЛА – не».

Аднак рэжым абавязаўся плаціць за міжнародныя турніры – а поп-скакуха ездзіла ў Расію плюс удзельнічала ў «міжнародных» спаборніцтвах тыпу ЧБ у Беларусі і нярэдка трапляла там у топ-3. Складана сказаць, ці ўсе яны былі ўнесеныя ў «каляндарныя планы» і лічыліся вартымі выплат. Аднак, калі рэжымнікі ўсё шчодра ўлічвалі на карысць сваёй адданай адэпткi, то за 2023-i Мірончык-Іванова магла прэтэндаваць на 6 з лішнім тысяч долараў. Ці дасталіся ёй гэтыя грошы насамрэч – на жаль, адказу ў нас няма.

Застаецца арыентавацца на словы Мірончык-Івановай, якую ў лютым спыталі пра грошы ў дзяржгазеце. Поп-скакуха адказала, што «фінансавыя страты ёсць, гэта бясспрэчна», і ў гэтым плане «адхіленне ад міжнародных стартаў сапраўды балючае». Зрэшты, спартсменка хутка перавяла тэму на тое, што для яе нібыта «фінансавы момант другасны»: маўляў, прычынай выступаць для яе заўсёды было «ўмацаванне прэстыжу Беларусі», а «сэнс заняткаў спортам вышэйшых дасягненняў» складаецца ў «канкурэнцыі, яе багатай на адрэналін атмасферы».

Мы ж нагадаем, што ў 2021-м, нягледзячы на правал на АГ, Мірончык-Іванова даволі нядрэнна выступала на этапах «Брыльянтавай лігі» – самага грашовага спаборніцтва ў сусветнай лёгкай атлетыцы. У тым годзе поп-скакуха набрала прызавымі 6750 долараў – калі пра «балючасць» яна казала, успамінаючы гэтую суму, тады, магчыма, за цяперашнія «міжнародныя спаборніцтвы» рэжым усё ж такі плаціць не заўсёды. Дарэчы, у 2023-м, мяркуючы па ўзроўні вынікаў, у «Брыльянтавай лізе» Мірончык-Іванова магла атрымаць у раёне 5 тысяч долараў.

Колькі ж атрымлівае член «парламента» Лукашэнкі? Свежая прарэжымная версія абвяшчае, што заробак у гэтым органе складае каля 1500 долараў. Аднак са знойдзеных «Зеркалом» дэкларацый вынікае, што ў 2022-м некаторыя члены «парламэнта» атрымлівалі каля 1700-2200 долараў у месяц. А старажыл органа Ігар Марзалюк меў даход больш чым у 3,3 тысячы долараў (зрэшты, у гэтую суму маглі ўваходзіць дазволеныя паступленні ад напісання кніг).

Нават калі арыентавацца на сярэднія паказчыкі, атрымліваецца, што Мірончык-Іванова можа разлічваць на 20-25 тысяч долараў за год. І іх абяцаюць не за нейкі вынік, а проста за наяўнасць у «парламенце» – і адразу на чатыры гады. У спорце такія лічбы поп-скакусе свяцілі толькі ў самым паспяховым раскладзе, для якога трэба было рэгулярна паказваць добрыя скачкі і трапляць у прызёры турніраў.

Увогуле, усё выглядае так, што для Мірончык-Івановай змена пазіцыі выгадная – зараз дзеля даходаў не трэба старацца. Рэжым узнагародзіў сваю адданую адэптку «цёплым месцам», дзе яна зможа далей прасоўваць сваё жаданне аддзяліць беларускі спорт ад сусветнага. У свежым інтэрв’ю поп-скакуха гаварыла пра гэта ў чарговы раз, а замежных атлетаў прапаноўвала папросту перакупіць.

– Альтэрнатыва тым жа Алімпіядам неабходная. Замежным спартсменам трэба прапанаваць сітуацыю выбару, стымуляваць іх да разважанняў. Атлетам са шматлікіх краін будзе цікавы той узровень прэміяльных, што прапануе наша, скажам так, новая сістэма спорту. Так і трэба змагацца з санкцыямі. Калі палітыка дыскрымінацыі працягнецца, то адпадзе сэнс захоўваць членства ва ўсіх камітэтах і федэрацыях, уключаючы МАК, – заявіла Мірончык-Іванова.

Цікава, што практычна адначасова з поп-скакухай страціў права зарабляць лёгкай атлетыкай Юрый Маiсевіч, якога адным з пастаянна ўпісваюць у графу «трэнер» насупраць прозвішча Мірончык-Івановай. Праўда, для Маiсевіча прычына далёка не такая «прыемная» – яго проста забанілі на пяць гадоў на міжнародным узроўні за ціск на АГ-2020 на Крысціну Ціманоўскую.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты