Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Ціманоўская не плануе затрымлівацца ў Польшчы: пасля АГ збіраецца пераехаць у ЗША, што стала магчыма дзякуючы польскаму пашпарту

Ціманоўская не плануе затрымлівацца ў Польшчы: пасля АГ збіраецца пераехаць у ЗША, што стала магчыма дзякуючы польскаму пашпарту

Цікава, як на гэта глядзяць палякі?

18 красавіка, 11:59
Ціманоўская не плануе затрымлівацца ў Польшчы: пасля АГ збіраецца пераехаць у ЗША, што стала магчыма дзякуючы польскаму пашпарту

Пасля скандальнага інцыдэнту на Алімпійскіх гульнях у Токіа, звязанага са спробай рэжымных трэнераў прымусова адправіць у Беларусь Крысціну Ціманоўскую за адмову збегчы няпрофільную дыстанцыю, беларуская лёгкаатлетка на Радзіму не вярнулася. Прытулак спартсменцы прапанавалі многія краіны, але тая спыніла свой выбар на Польшчы.

Ужо ў наступным месяцы пасля прыбыцця ў Польшчу Ціманоўская расказала, што падала дакументы на грамадзянства гэтай краіны, і паведаміла, што збіраецца як мага хутчэй пачаць выступаць за польскую нацыянальную каманду. Грамадзянства спартсменка атрымала ў чэрвені 2022 года:

У складзе зборнай Польшчы Ціманоўская паспела выступіць на чэмпіянаце свету ў Будапешце, дзе ў эстафеце 4х100 метраў яе каманда паказала 5-ы вынік. У бегу на 200 метраў спартсменка скончыла выступленне ў паўфінале, заняўшы выніковае 23-е месца (23,34 с). На тым жа турніры яна ўдзельнічала ў бегу на 100 метраў, але там выбыла на этапе кваліфікацыі, паказаўшы час 11,32 с.

Свой выступ за зборную Польшчы Ціманоўская называла падзякай гэтай краіне, за ўсё, што яна для яе зрабіла:

– Я не тое каб абавязаная Польшчы, каб за іх выступаць. Гэта як бы падзяка ад мяне, што яны мне дапамаглі. І зараз я буду прадстаўляць Польшчу на міжнароднай арэне, каб, магчыма, я вельмі спадзяюся, заваяваць нейкія медалі, – казала Ціманоўская.

Выйграць медалі ў складзе польскай зборнай у Ціманоўскай пакуль не атрымалася, а спартсменка ўжо гатова да пераезду ў іншую краіну. 12 красавіка ў сваём інстаграме яна паведаміла, што ў Польшчы яна надоўга затрымлівацца не збіраецца. А 18 красавіка апублікавала фатаграфіі з Маямі. У подпісы паведаміла, што разам з новым мужам плануе спачатку паспрабаваць пажыць там пару месяцаў, а ў будучыні, магчыма, пераехаць туды:

Цікава, што пераезд у ЗША для Ціманоўскай стаў магчымы дзякуючы атрыманню польскага пашпарта, уладальнікі якога маюць права наведваць Штаты без візы ў турыстычных і бізнес мэтах на тэрмін аднаго ўезду да 90 дзён. З беларускім пашпартам пераезд у Амерыку быў бы куды больш цяжкім, улічваючы і негатыўную рэпутацыю, якую з 2020-га зарабляе сабе рэжым Лукашэнкі, і проста факт, што грамадзянам Беларусі для паездкі ў ЗША патрэбна віза. А яе атрыманне ў гэтую краіну лічыцца адным з самых цяжкіх.

Ціманоўская з вялікай доляй верагоднасці прадставіць зборную Польшчы на Алімпіядзе ў Парыжы, якая пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня. А вось што будзе далей – пакуль не зразумела. Трэніровачны план з пераездам у ЗША на некалькі месяцаў не ўзгадняеш. Ды і як на падобны ад'езд беларускі адрэагуюць палякі, якія, выдаючы пашпарт, відавочна разлічвалі на даўжэйшае супрацоўніцтва з бягухай – таксама не зразумела.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты