Tribuna/Бадмінтон/Блогі/Беларускі айцішнік стварыў суполку бадмінтаністаў у Літве – там разам займаюцца рускія і ўкраінцы

Беларускі айцішнік стварыў суполку бадмінтаністаў у Літве – там разам займаюцца рускія і ўкраінцы

А яшчэ працуе над дадаткам па рэабілітацыі.

24 сакавіка, 06:00
Беларускі айцішнік стварыў суполку бадмінтаністаў у Літве – там разам займаюцца рускія і ўкраінцы

Пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020-га і рэпрэсій з боку рэжыму Беларусь пакінула вельмі шмат таленавітых беларусаў. Адным з такіх з’яўляецца IT-менеджар Анатоль Яршоў. За сваё жыццё ён паспеў пажыць у ЗША, Дамініканскай рэспубліцы, розных краінах Еўропы. Але вярнуўся ў Беларусь і заспеў там падзеі 2020 года. Не пагадзіўшыся з дзеяннямі рэжыму, прыняў рашэнне з’ехаць з краіны. Цяпер жыве ў Вільні. Там заснаваў суполку бадмінтаністаў, пра што падрабязна расказаў тэлеканалу «Белсат» у рамках праекта «Беларускі свет».

«Калі прыехаў у Літву, мне хацелася знайсці такі спорт, дзе можна будзе сацыялізавацца. Таксама – каб ён быў танны і каб шмат людзей прыйшло. На першую абвестку прыйшло больш за пяць чалавек, мы пагулялі. Праз некалькі дзён нас было ўжо больш за 20 чалавек. Каманда пачала вельмі хутка расці, чаго я не чакаў», – кажа Яршоў.

З часам суполка Анатоля станавілася ўсё папулярнейшай. Яе дзверы адчыненыя для ўсіх, нягледзячы на нацыянальнасць.

«У нас у суполцы ёсць украінцы, беларусы, рускія, літоўцы. Невялікай групай, 10 чалавек, мы ездзім у розныя гарады: Каўнас, Панявежыс. Удзельнічаем у спаборніцтвах. Мне ўдалося выйграць шэсць медалёў. Вось ужо больш за два гады мы гуляем. У суполцы ўжо больш за 200 чалавек», – дзелiцца Яршоў.

Пакiдалi суполку ў асноўным з-за пераезду ў іншыя краіны – але, па словах Яршова, з новых месцаў людзі «пiсалi, што не хапае бадмiнтона, бракуе суполкi». Айцiшнiк плануе яе далейшае развіццё.

«У мяне ёсць у планах далучаць дзяцей да гэтага. Я цяпер распрацоўваю ідэю, каб зрабіць дзіцячы летні лагер з трэнерамі, каб яны выехалі, далучыліся да спорту. Гэта дапамагае сацыялізаваць дзяцей з розных краін. Гэта выдатна, калі дзеці разумеюць, што людзі паўсюль аднолькавыя, што гэта не людзі кепскія, а ўлада», – лiчыць Яршоў.

Суполка бадмінтона – не адзінае, што звязвае Яршова са спортам. У дзяцінстве і студэнцтве ён займаўся веславаннем. А зараз распрацоўвае дадатак, якi дапаможа людзям пасля траўм.

«Працую над стартапам у сферы спорту і IT. Гэта дадатак, які будзе дапамагаць спартсменам і ўсім людзям, якія праходзяць праз траўмы, каб дапамагаць эфектыўна аднаўляцца і весці здаровы лад жыцця. Нам дапамогуць з фінансаваннем, каб мы зрабілі MVP (першая версія дадатку з мінімумам функцый – Tribuna.com)», – кажа Яршоў.

Яршоў займаецца і арганізацыяй ночы растраляных паэтаў – мерапрыемства ў памяць дня, калі ў Мінску былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай эліты.

«З 29 на 30 кастрычніка займаемся валанцёрствам. Чаму мы гэта робім? Гэта наша спадчына. З 2020 года я стараюся больш размаўляць па-беларуску: з сябрамі, дзяўчынай. Мне гэта падабаецца. Цяпер цяжкія часы, абставіны, але ўсё памяняцца. Гэта мы будзем адраджаць і Беларусь, і мову, і ўсё астатняе», – верыць Яршоў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты