Tribuna/Гандбол/Блоги/О духе времени/Асудзіў вайну, настаяў, каб бацька не працаваў, знайшоў сабе сябра-футбаліста і з'яўляецца мэтай топ-клубаў. Што трэба ведаць пра Арцёма Каралька – найлепшага гандбаліста Беларусі

Асудзіў вайну, настаяў, каб бацька не працаваў, знайшоў сабе сябра-футбаліста і з'яўляецца мэтай топ-клубаў. Што трэба ведаць пра Арцёма Каралька – найлепшага гандбаліста Беларусі

Ягоны стрыечны брат падпісаўся за Лукашэнку.

Автор — bytribuna com
21 чэрвеня, 18:29
Асудзіў вайну, настаяў, каб бацька не працаваў, знайшоў сабе сябра-футбаліста і з'яўляецца мэтай топ-клубаў. Што трэба ведаць пра Арцёма Каралька – найлепшага гандбаліста Беларусі

Беларускіх спартсменаў сусветнага маштабу, асабліва ў гульнявых відах, зусім няшмат. 27-гадовы Арцём Каралёк - дакладна з іх ліку. Няхай планета і не вар'яцее па гандболе, лінейны дакладна з'яўляецца топам: яго хочуць наймацнейшыя клубы Еўропы, вылучалі на званне найлепшага ў свеце і на кантыненце. Каралёк з польскім «Кельцэ» тройчы гуляў у фінале Лігі чэмпіёнаў, і хоць трафей яму пакуль не скарыўся, гэта не перашкаджае распавесці пра чалавека, які і асудзіў гвалт у Беларусі, і выступае супраць вайны ва Украіне.

Нарадзіўся ў Гродне, але рос у аграгарадку за 15 км ад горада

Арцём Каралёк нарадзіўся 20 лютага 1996 года ў Гродне і да шасці гадоў жыў у абласным цэнтры, пакуль яго бацькі не пераехалі ў аграгарадок Верцялішкі Гродзенскага раёна на дзве тысячы чалавек. У савецкія часы Верцялішкі лічыліся узорным пасёлкам, а тамтэйшы калгас "Прагрэс" быў адным з найбуйнейшых і найпаспяховейшых у краіне.

Умовы ў сям'і будучага гандбаліста былі вельмі сціплыя: у хаце не было ні цэнтральнага апалу, ні водазабеспячэння, таму Арцёму з ранніх гадоў даводзілася дапамагаць бацькам па гаспадарцы: насіць ваду са студні, секчы дровы і тапіць печку. Не абыходзілася без дапамогі па агародзе.

Бацькі да гэтага часу жывуць у Верцялішках

Бацькі спартсмена дагэтуль жывуць у аграгарадку, але ўжо ў новым доме: пераехаўшы ў Еўропу і пачаўшы зарабляць нядрэнныя грошы, Каралёк дапамог сям'і збудаваць новае жыллё на месцы старога. Таксама ён настаяў на тым, каб бацька, у якога ўзніклі праблемы са здароўем, не вяртаўся да працы.

- Як толькі я з'ехаў у Францыю і стаў больш зарабляць, вырашыў пабудаваць для бацькоў новы дом у Беларусі. Калі ў майго бацькі ўзніклі праблемы са здароўем, і ён пасля гэтага захацеў вярнуцца да працы, я не дазволіў. У Беларусі такія рэаліі - яго заробак быў 150 долараў. На шчасце, сёння ў мяне ёсць такія магчымасці, і я аддаю перавагу дапамагаць бацькам, каб ім больш не даводзілася працаваць, - распавядаў Каралёк.

Прыйшоў у гандбол у 13, дзеля трэніровак праязджаў 30 км у дзень

У Верцялішках і пачалася кар'ера Каралька. Спачатку ён займаўся футболам (кажа, атрымлівалася нядрэнна), але затым убачыў аб'яву аб наборы ў гандбол, хоць глядзець яго па тэлевізары не вельмі любіў.

- У гандбол патрапіў праз пару дзён пасля таго, як мне споўнілася 13 гадоў, у мяне была першая гандбольная трэніроўка, а вечарам таго ж дня паехаў на абласныя спаборніцтвы ў Гродна. Хоць да гэтага пра гандбол меў даволі цьмянае ўяўленне, вельмі хутка прыкіпеў, - успамінаў двухразовы фіналіст ЛЧ.

Неўзабаве пасля дэбюту ў новай дысцыпліне гандбаліст патрапіў у гродзенскую спартыўную школу. На працягу двух гадоў яму даводзілася ледзь не кожны дзень ездзіць з аграгарадка на трэніроўкі ў Гродна – а гэта 15 кіламетраў у адзін бок. Ну а потым хлопца запрасілі вучыцца ў аблцэнтры ў спарткласе.

- Часта прыходзілася адпрошвацца з урокаў, каб паспець на трэніроўку. Вучыўся ў звычайнай школе, настаўнікі не разумелі, куды я еду і навошта мяняю матэматыку на гандбол. Не заўсёды паспяваў на маршрутку, стаяў на дарозе, лавіў спадарожкі.

Спрабаваў сябе нават у варотах, аднойчы ледзь не скончыў з гандболам

Падлеткам Каралёк пагуляў на ўсіх магчымых пазіцыях у полі і нават спрабаваў свае сілы як варатар. А аднойчы ледзьве не скончыў з гандболам.

- Адзін раз вырашыў сысці з гандбола: мы бегалі на трэніроўцы, ніхто не даваў мне пас, я знерваваўся… Але раздумаўся, - распавядаў праз гады спартсмен.

У 16 дэбютаваў у дарослым гандболе

У 16 гадоў Каралёк патрапіў у гродзенскі «Кронан», які выступаў у чэмпіянаце Беларусі. Першыя паўгода Арцём назіраў за партнёрамі з лаўкі, але затым стаў атрымліваць гульнявы час, а пасля паездкі на юнацкі ЧС-2013 увогуле стаў у Дзмітрыя Ціхана гульцом асновы.

У 18 патрапіў у СКА, у 19 - у зборную

Прагрэс гульца ішоў хутка і ўжо праз два гады пасля дэбюту на дарослым узроўні Каралёк апынуўся ў адным з грандаў беларускага гандбола - СКА, а неўзабаве пасля гэтага яшчэ і дэбютаваў у нацыянальнай зборнай.

Дэбют у «нацыяналцы» прыпаў на спараныя гульні кваліфікацыі ЧЕ-2016 супраць Даніі - адной з наймацнейшых зборных у свеце. Беларуская каманда двойчы саступіла (у кожным матчы прайграла дзевяць мячоў), але малады лінейны нядрэнна сябе праявіў, вызначыўшыся ў агульнай складанасці дзевяць разоў. Каралёк быў нават прызнаны найлепшым гульцом мінскага матчу (там ён выканаў шэсць дакладных кідкоў), які якраз і стаў дэбютным для 19-гадовага спартсмена.

У траўні 2016-га Каралёк быў намінаваны на званне найлепшага маладога гандбаліста свету на сваёй пазіцыі. Арцём лідаваў пасля галасавання гледачоў, але рашэннем журы перамога дасталася Людовіку Фабрэгасу з «Манпелье».

Тры дні пражыў у казарме

Ужо даўно ні для каго не сакрэт, што большасць гульцоў СКА падчас выступу за «армейскі» клуб з'яўляюцца вайскоўцамі, хаця, па сутнасці, ваенную службу не праходзяць. Каралёк таксама паўдзельнічаў у гэтым рытуале. Ён нават тры дні да прыняцця прысягі правёў у казарме, але пры гэтым усё роўна адлучаўся з размяшчэння на трэніроўкі СКА.

Ужо маладым не бачыў перспектыў у Расіі

Амаль ад самага пачатку кар'еры гандбаліст марыў пра пераезд у Еўропу, а вось на пытанні наконт расійскага напрамку адказваў, што не бачыць у суседзяў ніякіх перспектыў.

- Не лічу, што ў Расіі ў гандбаліста наогул могуць быць нейкія перспектывы. Толькі Еўропа, толькі гульнявая практыка. Перамога ў моцным чэмпіянаце - гэта мара. І зразумела, што адразу на вядучыя ролі ў сур'ёзную каманду не запросяць. Трэба працаваць, - сказаў Арцём яшчэ ў 2015 годзе.

Сыходзіў са СКА матчамі супраць былой каманды і будучай

Апошнія матчы Каралька за СКА атрымаліся вельмі сімвалічнымі. У чэмпіянаце Беларусі заключную сустрэчу ён правёў супраць гродзенскага "Кронана", які і адкрыў дарогу ў гандбол. Гульня скончылася ўпэўненай перамогай мінчукоў (38:27), праўда, сам Каралёк выглядаў не вельмі ярка - з прычыны хуткага матчу ў еўракубку пачынаў не ў старце, а скончыў з трыма мячамі.

У цэлым жа апошні матч за вайсковы клуб лінейнаму трэба было правесці супраць французскага «Сэн-Рафаэля» у кваліфікацыі Кубка ЕГФ, другога па значнасці клубнага турніру Еўропы. Пераможца двухматчавага супрацьстаяння адпраўляўся ў групавы раунд. Сімвалічным тое супрацьстаянне для Каралька стала па той прычыне, што яшчэ за паўгода да яго Арцём падпісаў папярэднюю дамову з французскім грандам і ў пачатку снежня павінен быў папоўніць яго шэрагі. Гэта значыць гулец мог пазбавіць будучую каманду і сябе заадно еўракубкаў.

Першы матч - ён праходзіў у Мінску - скончыўся перамогай СКА 30:28 і сямю дакладнымі кідкамі Каралька, які стаў другім снайперам у складзе каманды, але ў Францыі супернік, нягледзячы на пяць мячоў Каралька (найлепшы паказчык сярод беларусаў), найгралі на «+8 » (25:33) і забяспечыў сабе групавы этап. Каралёк не стаў вяртацца ў Беларусь з выезду, застаўшыся ў шэрагах «Сэн-Рафаэля».

Адмовіў "Мяшкову" дзеля прапановы з Еўропы

Пры гэтым маладога выканаўцу вельмі хацеў займець брэсцкі "Мяшкоў". Кіраўнік клуба Аляксандр Мяшкоў нават быў перакананы, што ажыццявіць план яму перашкодзіла федэрацыя гандбола, з якой у БГК не рэдка ўзнікалі спрэчныя сітуацыі.

- Мы падпісалі не ўсіх, каго хацелі. БГК быў зацікаўлены ў Арцёме Каральку, але трансферу лінейнага ў Брэст запярэчыла нацыянальная федэрацыя. Яна забараніла Каральку пераходзіць у БГК, - сказаў Мяшкоў.

Каралёк абверг функцыянера, заявіўшы, што сам абраў «Сэн-Рафаэль», а федэрацыя тут ні пры чым. Пры гэтым гулец зазначыў, што маладыя гандбалісты ў Брэсце як правіла атрымліваюць вельмі сціплы час на пляцоўцы.

Ярка дэбютаваў у Францыі

Праз чатыры дні пасля матчу супраць «Сэн-Рафаэля» Каралёк упершыню згуляў за «Сэн-Рафаэль» - у чэмпіянаце Францыі супраць «Крэтэя». Сустрэча скончылася ўпэўненай перамогай каманды беларуса (39:28), сам ён стаў найлепшым снайперам калектыву з васьмю мячамі.

Усяго за паўтара года Каралька ў Францыі "Сэн-Рафаэль" двойчы станавіўся чацвёртым у чэмпіянаце і двойчы выходзіў у "фінал чатырох" Кубка ЕГФ. У першым сезоне Арцёма ў клубе (у тым самым, дзе быў пройдзены СКА) "Сэн-Рафаэль" саступіў у паўфінале "Фуксэ" з Берліна (25:34), а ў матчы за бронзу - "Магдэбургу" (31:32).

На наступны год супернікі былі тымі ж: каманда зноў саступіла "Фуксэ" (25:28), але ўжо ў фінале. "Магдэбург" быў пераможаны ў паўфінале (28:27).

Усё ніяк не можа заваяваць ЛЧ

Перад сезонам-2018/19 у кар'еры гандбаліста здарыўся пераход (пра яго бакі дамовіліся яшчэ ў лістападзе 2017-га) у адзін з еўрапейскіх грандаў - польскі "Кельцэ", які ў 2016-м браў Лігу чэмпіёнаў, а таксама сем гадоў да таго нязменна станавіўся чэмпіёнам Польшчы. З Каральком «жоўта-сінія» працягнулі штампаваць тытулы: пяць залатых медалёў чэмпіянату за пяць гадоў і два Кубкі краіны.

Праўда, ізноў узяць галоўны еўрапейскі трафей пакуль не выходзіць, хоць за тыя пяць гадоў, што Арцём гуляе за «Кельцэ», каманда гуляла ў «фінале чатырох» ужо тройчы: у 2019-м саступіла спачатку венгерскаму «Веспрэму» ў паўфінале, а затым «Барселоне» у матчы за бронзу, а два апошнія гады прайграе ў фінале. Летась саступіла каталонцам у серыі пасляматчавых сяміметровых (Каралёк закінуў мяч на апошняй секундзе і перавёў гульню ў авертайм), сёлета – у авертайме «Магдэбургу» (29:30).

Станавіўся MVP ЛЧ, намінаваны на найлепшага ў Еўропе па сваёй пазіцыі

Па выніках леташняга няўдалага фіналу Арцём быў прызнаны MVP - самым каштоўным гульцом турніру.

Стабільна забірае індывідуальныя ўзнагароды ўраджэнец Гродна і ў Польшчы: вось ужо тры гады запар прызнаецца найлепшым лінейным у мясцовым чэмпіянаце. Больш за тое, Каралёк намінаваны на званне найлепшага лінейнага сезона-2022/23 у Еўропе. У галасаванні прымуць удзел гульцы, трэнеры, журналісты, а таксама заўзятары. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 26 чэрвеня ў Вене.

Ужо не раз мог апынуцца ў "Барселоне"

Першыя размовы пра магчымы пераход у еўрапейскі суперклуб (у «Барселоны» 11 тытулаў ЛЧ) загучалі яшчэ ў 2016-м, калі 20-гадовы беларус быў намінаваны на званне найлепшага маладога лінейнага ў свеце.

З таго часу Каралёк час ад часу мільгае ў навінах побач з назвай каталонскага клуба. Спартсмен сам расказваў, што ў 2020-м адхіліў прапанову «Барсы» і застаўся ў «Кельцэ», прычым тады яго да сябе клікаў шматразовы чэмпіён Францыі ПСЖ. Мінулай зімой размовы аб пераездзе ў Іспанію аднавіліся.

Прычын таму было адразу дзве. Першая - сыход улетку гэтага года асноўнага лінейнага "Барсы" француза Людавіка Фабрэгаса. Другая - не вельмі добрае фінансавае становішча "Кельцэ". Але праз некалькі месяцаў стала зразумела, што ў гісторыі ізноў не будзе працяга. "Барселона" адмовілася ад трансферу праз скарачэнне бюджэту, а "Кельцэ" ж, наадварот, знайшоў новага спонсара і расставацца з лідэрам не хоча.

Адкрыта выказваў грамадзянскую пазіцыю, але працягвае выступаць за зборную

Каралёк - адзін з самых яскравых прадстаўнікоў белспорту, хто пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 выступіў супраць збіцця сілавікамі-лукашыстамі беларусаў і называў тое, што адбываецца ў краіне, ненармальным і супрацьзаконным.

Пры гэтым гулец працягвае ездзіць у нацыянальную зборную, заяўляючы, што гуляе не за ўладу, а для таго, каб услаўляць краіну і народ.

Брат-велагоншчык падпісаўся за Лукашэнку

Пры гэтым прозвішча Каралёк аказалася і ў спісе падпісантаў праўладнага ліста спартсменаў. Падтрымку рэжыму выказаў Яўген Каралёк - стрыечны брат Арцёма, вядомы беларускі велагоншчык. Яўген Каралёк свяціўся на мерапрыемствах, якія ўхваляў рэжым. Напрыклад, у красавіку 2021-га паўдзельнічаў у суботніку і велапрабегу з лукашэнкаўскім наглядчыкам за спортам Сяргеем Кавальчуком.

А праз пару дзён пасля ўдзелу ў трэкавым ЧЕ (там заваяваў срэбра ў омніуме) Каралёк прыбыў у НАК Лукашэнкі, і тады барчыха Васіліса Марзалюк абвясціла, што група атлетаў плануе заявіць ў МАК «пра сваю нязгоду з пазіцыяй Свабоднага аб'яднання спартсменаў», а ўжо праз тыдзень з'явіўся праўладны ліст спартсменаў - і подпіс Каралька там аказалася ў першых 50.

Яўген расказваў, што асаблівай сувязі паміж ім і Арцёмам няма і ніколі не было.

- У дзяцінстве мы бачыліся не вельмі часта. Звычайна перасякаліся, калі бацькі адно да аднаго ў госці прыязджалі. Цяпер калі маем зносіны і перасякаемся, то на нейкіх сямейных сустрэчах, - казаў Яўген Каралёк пра Арцёма.

Асудзіў вайну ва Украіне, адкуль родам яго дзяўчына

Дастаткова дакладная грамадзянская пазыцыя ў гандбаліста і па вайне ва Украіне, якую пачаў пуцінскі рэжым 24 лютага 2022 года пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. У першы ж дзень уварвання Арцём выклаў пост у Instagram, у якім заклікаў украінцаў трымацца, а пазней у сваіх інтэрв'ю не раз выказваў падтрымку ўкраінскаму народу.

Вельмі блізка Каралёк успрымае ўкраінскую трагедыю яшчэ і таму, што родам з Украіны ягоная дзяўчына Соф'я. Яна нарадзілася ў Сумах - 300-тысячным горадзе, што размешчаны недалёка ад мяжы з Расіяй. Горад у пачатку вайны падвергся нападу расійскіх войскаў, неаднаразова абстрэльваўся з паветра, рабіліся спробы ўзяць яго ў атачэнне. Але ў пачатку красавіка мінулага года пуцінскія войскі адступілі з Сумскай вобласці, і горад вярнуўся да больш-менш нармальнага жыцця, якім яно можа быць ва ўмовах вайны. Бацькі Соф'і, нягледзячы на прапановы пары пераехаць у Польшчу, засталіся ў Сумах.

- Сітуацыя няпростая. Бацькі Соф'і ў Сумах. Пакуль усё ў парадку, у горадзе стала спакайней, але наўрад ці можна быць поўнасцю ўпэўненым у бяспецы. Яна трымаецца. Прапаноўвалі маці Соф'і прыехаць у Польшчу, але наадрэз адмовілася. Спадзяваўся, што вайна скончыцца да лета. У сакавіку вяліся перамовы, былі сапраўды спадзяванні на хуткае пагадненне і мір. Але, як аказалася, мой прагноз быў вельмі аптымістычным, - адзначаў Каралёк.

Спартсмен і сам за месяц да пачатку вайны быў у Кіеве, дзе праводзіў міні-адпачынак, а Соф'я 24 лютага павінна была вярнуцца ў Сумы да бацькоў.

Хрысціў дзяцей партнёраў па зборнай

Каралёк хрысціў дзяцей адразу двух беларускіх гандбалістаў: былога гульца «Мяшкова» Аляксандра Бачко і галкіпера зборнай Івана Міцкевіча.

- Я ўжо двойчы кум. З'яўляюся хросным сына Сашы Бачко. І вось хрысцілі дачок Вані [Міцкевіча]. Кожны год па хросніку - таксама стабільнасць. Выдатна разумею, што гэта адказнасць. Не ўспрымаю так: пахрысцілі - і ўсё. Зыходзячы з нашых графікаў, сустракаемся з сям'ёй Сашы, прыязджаем адно да аднаго на выхадныя, стараемся праводзіць шмат часу. І быць адной сям'ёй, - сказаў Каралёк.

У камандзе завуць «Арчы»

Мянушкі - распаўсюджаная з'ява ў спорце. У "Кельцэ" беларуса празвалі "Арчы" праз тое, што прамаўляць імя Арцём замежнікам складана.

Пасябраваў з беларускім футбалістам, які гуляе ў тым самым горадзе

Са студзеня 2022 года ў Кельцэ гуляе яшчэ адзін беларус, але не ў гандбольнай камандзе, а ў футбольнай - форвард Яўген Шыкаўка прадстаўляе «Карону», якая таксама выступае ў элітным дывізіёне Польшчы. Каралёк сам напісаў суайчынніку з прапановай сустрэцца - з тых часоў спартсмены ўвесь час на сувязі, рэгулярна сустракаюцца, часта наведваюць матчы адзін аднаго.

Другие посты блога

Все посты