Tribuna/Шахматы/Блогі/Прыгоды беларусаў на шахматным ЧС: самы юны ў топ-8, на сумленнага «забыўся» «Прэсбол», яшчэ аднаго праверыў чэмпіён

Прыгоды беларусаў на шахматным ЧС: самы юны ў топ-8, на сумленнага «забыўся» «Прэсбол», яшчэ аднаго праверыў чэмпіён

Найважнейшае пра турнір у Самаркандзе.

31 снежня, 04:26
Прыгоды беларусаў на шахматным ЧС: самы юны ў топ-8, на сумленнага «забыўся» «Прэсбол», яшчэ аднаго праверыў чэмпіён

З 26 па 30 снежня ва ўзбекістанскім Самаркандзе прайшоў чэмпіянат свету па шахматах у рапідзе і бліцы. Агульны прызавы фонд турніру склаў 1 мільён долараў.

Спаборніцтвы праводзіліся па традыцыйнай швейцарскай сістэме, калі ўдзельнікам супрацьстаяць апаненты, якія знаходзяцца блізка ад іх у бягучай турнірнай табліцы.

У хуткіх шахматах жанчыны гулялі 11 тураў, мужчыны – 13. Кантроль часу для рапіда быў устаноўлены ў 15 хвілін плюс 10 секунд на кожны ход, пачынаючы з першага.

У бліцы быў згуляны 21 тур у мужчын і 17 у жанчын. Шахматыстам давалася 3 хвіліны на партыю з дабаўленнем 2 секунд за кожны ход.

Перамогу ў мужчын у абедзвюх дысцыплінах атрымаў галоўная зорка і галоўны фаварыт турніру Магнус Карлсэн. Цяпер нарвежац з'яўляецца сямікратным чэмпіёнам свету па шахматах у бліцы і пяцікратным чэмпіёнам свету па шахматах у рапідзе. У жанчын наймацнейшымі сталі расіянкі: у рапідзе – Анастасія Баднарук, у бліцы – Валянціна Гуніна.

На турніры былі і прадстаўнікі Беларусі. Праўда, праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне на баку Расіі супраць Украіны спартоўцам з нашай краіны давялося выступаць пад сцягам міжнароднай федэрацыі шахмат і ў нейтральным статусе. Найлепшым сярод беларусаў у абедзвюх дысцыплінах стаў 17-гадовы Дзяніс Лазавік. У рапідзе ён заняў выніковае 31-е месца, атрымаўшы 5 перамог і 6 разоў згуляўшы ўнічыю. У бліцы Лазавік увайшоў у топ-10, заняўшы выніковае 8-е месца (11 перамог і 6 нічыіх). Дарэчы, у адным з матчаў супернікам Лазавіка быў расійскі гросмайстар Ян Няпомняшчы (адкрыта выступаў супраць расійскай агрэсіі), які запомніўся на гэтым турніры дагаворнай партыяй з Даніілам Дубавым (пра яе ніжэй). Расіяніну беларус саступіў.

Падпісант ліста за сумленныя выбары Уладзіслаў Кавалёў у рапідзе заняў 88-е месца (6 перамог і 2 нічыі). У бліцы ў яго 78-ы вынік (5 перамог і 12 нічыіх). Цікава, што, распавядаючы пра беларусаў, якія ўзялі ўдзел у чэмпіянаце свету ў Самаркандзе, чамусьці менавіта пра Кавалёва вырашыў не згадваць «Прэсбол». Гэта не першы раз, калі спецыялізаваная газета не заўважае спартсменаў, якія выступілі супраць гвалту і фальсіфікацый. Затое пра Кавалёва не забылі простыя беларусы. За два тыдні да турніру пры падтрымцы Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці быў аб'яўлены збор на суму 1600 долараў, каб дапамагчы Кавалёву ў падрыхтоўцы да чэмпіянату. Гэтыя грошы сабралі за суткі.

У чэмпіянаце свету таксама ўдзельнічаў і 18-гадовы беларус Максім Царук - адзіны, хто прыехаў на ЧС у званні майстра ФІДЭ. Усе астатнія ўдзельнікі ад нашай краіны мелі тытул гросмайстра (Лазавік выканаў патрабаванні на яго ў 15 з паловай гадоў). У рапідзе Царук заняў 96-е месца (5 перамог і 3 нічыі), у бліцы - 134-е (9 перамог і 1 нічыя). А яшчэ ў 3-м туры бліца малады беларус згуляў з будучым чэмпіёнам Карлсэнам. Нарвежац партыю забраў, але Царук напэўна атрымаў каштоўны досвед.

Андрэй Гаравец, яшчэ адзін беларус, заняў 110-е месца ў рапідзе (5 перамог і 3 нічыі) і 146-е ў бліцы (9 перамог і 1 нічыя).

У жаночай секцыі турніру ад Беларусі ўдзельнічала толькі Варвара Палякова, якая заняла выніковае 73-е месца ў рапідзе (4 перамогі і 2 нічыі) і 77-е ў бліцы (6 перамог і 4 нічыіх).

Мабыць, самым запамінальнай партыяй у Самаркандзе стаў двубой расійскіх гросмайстраў - Данііла Дубаў супраць Яна Няпомняшчага. У 11-м раўндзе бліца яны разыгралі партыю, якая завяршылася ўнічыю пасля 12-га ходу. Такі вынік гарантаваў бы лідарства абодвум шахматыстам па выніках першага гульнявога дня, але ў справу ўмяшаўся галоўны арбітр турніру Іван Сыравы. Ён палічыў матч дагаварным і ануляваў вынік партыі, а расіянам прысудзіў штраф: 0 балаў замест належных 0,5. З арбітрам цяжка не пагодзіцца – расіяне гулялі толькі канямі:

Абодва шахматыста падалі апеляцыю на рашэнне, але яна не дала выніку. Дубаў патлумачыў партыю «зваротнай сувяззю на дзеянні арганізатараў і/або працу суддзяў», а сам першы гульнявы дзень ЧС па бліцу назваў «найгоршым з адрывам за ўсе чэмпіянаты ў плане працы суддзяў і арганізацыі».

У якасці прыклада расіянін прывёў выпадак, які здарыўся у той жа дзень: усе партыі турніру па бліцу затрымалі на гадзіну праз інцыдэнт у матчы паміж амерыканцам Эндру Хонгам і кітайцам Юй Янʼі. Першы пратэрмінаваў час і прайграў партыю, але адразу падаў пратэст – ён заявіў, што націскаў на гадзіннік, але той зламаўся.

«Я рады, што яны змаглі пагуляцца з гадзіннікам. Непрафесійным гульцам скажу, што дадатковая гадзіна чакання падчас бліц-івента – гэта сапраўды абсурд.

Што можна абмяркоўваць цягам гадзіны? Працягваць гульню ніяк, перазапусціць яе гэтак жа абсурдна. А ў вас дзвесце чалавек, якія стаміліся і проста хочуць распачаць новы раўнд. Не адзіны прыклад дрэннай (прынамсі, на мой погляд) працы арбітраў тут, але вельмі характэрны. І мая гульня супраць Непо ніколі б не адбылася без гэтага глупства раней у той жа дзень», – пракаментаваў сітуацыю Дубаў.

Як бы там ні было, але па выніку праз дагаворную партыю з Няпомняшчым Дубаў пазбавіў сябе шанцаў на фінальны паядынак з Карлсанам. Для роўнасці пунктаў з нарвежцам расіяніну не хапіла менавіта 0,5 бала.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты