Tribuna/Футбол/Блогі/«Сталь» гатовая прадаць Шкурына за 2,5 млн еўра. А ў яе былі такія здзелкі? Куды ўвогуле за такія грошы едуць з Польшчы?

«Сталь» гатовая прадаць Шкурына за 2,5 млн еўра. А ў яе былі такія здзелкі? Куды ўвогуле за такія грошы едуць з Польшчы?

Топ-чэмпіянат выглядае рэальнасцю.

Аўтар — bytribuna com
13 сакавіка, 12:43
«Сталь» гатовая прадаць Шкурына за 2,5 млн еўра. А ў яе былі такія здзелкі? Куды ўвогуле за такія грошы едуць з Польшчы?

У панядзелак прэзідэнт мелецкай «Сталі» Яцэк Клімек агучыў суму, за якую дакладна гатовы расстацца з Іллём Шкурыным: 2,5 мільёна еўра – і можна сядаць за стол перамоваў. 24-гадовы Шкурын сёння ідзе другім у спісе бамбардзіраў Экстракласы з 12 мячамі ў 23 матчах. На мінулым тыдні Клімек заявіў, што на гульні беларуса рэгулярна прыязджаюць прадстаўнікі двух клубаў з топ-5 еўрапейскіх ліг.

Партал Transfermarkt ацэньвае Шкурына ў 1,2 мільён еўра. Гэта не толькі самы дарагі гулец «Сталі», якая ідзе на восьмым месцы ў чэмпіянаце, але і ўсёй Беларусі (найлепшы футбаліст краіны-2023 Макс Эбонг з «Астаны» каштуе на 200 віртуальных тысяч менш).

2,5 мільёна еўра – сурʼёзная сума. А ці здзяйсняла калі-небудзь «Сталь» здзелкі такога маштабу? Аказваецца, так. Роўна за такія грошы ў студзені 2023-га яна прадала ў «Тулузу» (Д1 Францыі) 22-гадовага нападніка Саіда Хамуліча. За паўгода да рэкорднага продажу ў гісторыі клуба палякі арандавалі баснійца ў літоўскай «Дайнавы», дзе за год да таго легіянер з цяжкасцю прайшоў прагляд. За першую палову сезона-2022/23 Хамуліч стаў лідарам «Сталі», настраляўшы дзевяць мячоў у 17 матчах. Для параўнання, за восеньскую частку чэмпіянату-2023/24 у Шкурына было восем галоў у 18 гульнях.

У «Сталі» актывавалі опцыю выкупу ў «Дайнавы» Хамуліча за 150 тысяч еўра і ўжо праз некалькі дзён прадалі ў «Тулузу». У Лізе 1 у форварда не пайшло – за астатнюю частку сезона-2022/23 ён правёў на полі 76 хвілін у шасці матчах, а запомніўся тым, што апынуўся ў ліку чатырох гульцоў каманды, хто адмовіўся апранаць на гульню з «Нантам» вясёлкавую футболку ў рамках акцыі супраць гамафобіі. Мінулым летам Хамуліча аддалі ў арэнду «Вітэсу» (13 матчаў без галоў у Эрэдывізі), а ў мінулае трансфернае акно ён зʼехаў на паўгода ў маскоўскі «Лакаматыў». Расіяне могуць выкупіць баснійца за 2,7 мільёна еўра, праўда, той пакуль сядзіць у запасе.

У гісторыі «Сталі» былі яшчэ два сурʼёзныя продажы. У лютым 2019-га 16-гадовы нападнік Кацпер Садлоха за 320 тысяч еўра зʼехаў у моладзеўку «Ланса». Аднак на ўзроўні U-19 паляк у Францыі прабыў нядоўга – праз год «Сталь» вярнула выхаванца за 70 тысяч еўра. Сёння Садлоха выступае за «Сталь», але толькі з Жэшува (Д2).

У студзені 2024-га каманда Шкурына рассталася са сваім асноўным апорнікам – 26-гадовым Міхалам Тромбкам. Паводле паведамленняў польскіх журналістаў, яго за 350 тысяч еўра прадалі ў «Вьечысту» з Д4, якая ўпэўнена ідзе на падвышэнне ў класе. Дзіўная здзелка, але паведамляецца таксама, што заробак футбаліста вырас з 10 тысяч еўра ў месяц да 30 тысяч.

За 2,5 мільёна еўра з Экстракласы ўжо зʼехалі восем футбалістаў. Кірунак – наймацнейшыя дывізіёны Германіі («Уніян»), Грэцыі (ПАОК, «Алімпіякас»), Італіі («Фіярэнціна»), Украіна («Дынама» Кіеў), Францыя («Осер», «Тулуза») плюс «Бенфіка» Б з Партугаліі.

Ну а больш заплацілі за 48 гульцоў чэмпіянату Польшчы. Рэкорд належыць футбалістам, якіх прыдбаў «Брайтан». У кастрычніку 2020-га ў Англію з «Леха» за 11 мільёнаў еўра зʼехаў 21-гадовы паўабаронца Якуб Модэр.

А ў студзені 2022-га з «Брайтанам» за гэтую ж суму падпісаўся 18-гадовы хаўбек «Пагоні» Кацпер Казлоўскі.

Здзелкі на мільёны еўра – звычайная справа для польскага чэмпіянату. Напрыклад, у мінулым месяцы «Легія» прадала ў «Бешыкташ» паўабаронцу Эрнэста Мучы за 10 мільёнаў еўра.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты