Tribuna/Футбол/Блогі/«Крумкачы» завіслі ў Д3 АБФФ: гуляць няма з кім, а тут яшчэ адна «міна» ад рэжыму

«Крумкачы» завіслі ў Д3 АБФФ: гуляць няма з кім, а тут яшчэ адна «міна» ад рэжыму

Праблемы і ў іншых «прыватнікаў».

Аўтар — bytribuna com
3 траўня, 15:00
«Крумкачы» завіслі ў Д3 АБФФ: гуляць няма з кім, а тут яшчэ адна «міна» ад рэжыму

Тэма другой лігі застаецца самай рэзананснай у белфутболе. АБФФ, якая хацела рэфармаваць спаборніцтва, фактычна пазбавілася яго – на гульні амаль ніхто не выйшаў пад ціскам рэжымнага «мінспорту», якое стварыла свой турнір, абвясціўшы федэрацыйны «незаконным».

Пакуль АБФФ рэагуе вельмі стрымана – проста залічыла за першы тур свайго Д3 восем тэхнічных параз без штрафу, хоць ён мусіць быць па дысцыплінарным кодэксе. Ды і пра дадатковыя пакаранні для клубаў Д1, дублі якіх як раз у асноўным і не зʼявіліся на матчы Д3, пакуль нічога не чуваць – хіба што інсайды кажуць пра магчымае зняцце пунктаў з брэсцкага «Дынама», якое нават фармальна не заявіла сваю каманду ў турнір. Але рэальнасць такая, што ў ім наогул засталося максімум 10 каманд – і тое не факт.

Усё таму, што на тых, хто застаўся ў турніры АБФФ, рэжым мае яшчэ адзін рычаг ціску. Падобна, ён ужо пачаў працаваць у дачыненні да «Крумкачоў» – каманды, якая даўно непажаданая сістэме. У першых двух турах Д3 АБФФ яна мусіла гуляць з «Мінскам-2» і «Віцебскам-2» – і выглядала гэта заходам на дзве тэхнічныя перамогі, бо дублі Д1 відавочна не збіраліся ўдзельнічаць у сустрэчах. У першым выпадку так і атрымалася, далей «Крумкачы» збіраліся ехаць у Віцебск – але раптам самі абвясцілі пра перанос матчу 2-га тура і заменай яго на «таварняк» з «Асіповічамі».

Прычына, што назвалі «Крумкачамы», – чаканне «акрэдытацыі на права ажыццяўлення дзейнасці па развіцці фізічнай культуры і спорту». Заўважым, што перад першым турам размовы пра гэта не было – каманда рыхтавалася выйсці на матч з «Мінскам-2», запрашала заўзятараў і публікавала афішу. Гэта яшчэ больш умацоўвае падазрэнне ў новым вітку ціску рэжыму.

Пра рэжымную «акрэдытацыю» мы ўжо расказвалі – яе прыдумалі яшчэ ў 2022-м, а ўвялі з пачатку 2024-га. Галоўныя патрабаванні – як водзіцца, палітычныя: у кіраўнікоў юрыдычных асоб і тых, хто «ажыццяўляе педагагічную дзейнасць», не павінна быць «пакаранняў» ад рэжыму за «непаважлівае стаўленне» да інстытутаў і сімвалаў рэжымнай Беларусі, а таксама за шэраг дзеянняў супраць самога рэжыму. Плюс «акрэдытаваныя» арганізацыі павінны размясціць дзяржсімволіку ў «месцах правядзення мерапрыемстваў».

Здаецца, у «Крумкачах» не думалі, што гэта тычыцца клуба ўзроўню Д3. У рэгламенце другой лігі АБФФ ні слова пра «акрэдытацыю» няма – але ад гэтага не лягчэй, таму што там прапісана, што ад удзельнікаў трэба «адпаведнасць заканадаўству». Куды рэжым і прапісаў дадатковую магчымасць прэсаваць любую каманду – па «законе» «акрэдытацыя» патрабуецца ў тым ліку на «правядзенне спартыўных мерапрыемстваў і (або) удзел у іх». Паколькі «мерапрыемства» рэспубліканскага ўзроўню, то «акрэдытацыю» выдае «мінспорту» – камандам абласных чэмпіянатаў паперку могуць выпісаць і ў мясцовых выканкамах Лукашэнка. Калі не атрымаць «акрэдытацыю», рэжым пагражае «судзіць» па «адміністратыўцы» за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць» – для юрасобы тут магчымы штраф да 500 базавых велічынь (на сёння гэта 20 тысяч рублёў, то бок больш за 6 тысяч долараў) з канфіскацыяй даходу і «прылад і сродкаў здзяйснення правапарушэння».

На заяўкі рэжымнікі абяцалі адказваць «цягам 30 дзён» – то бок калі «Крумкачы» падаліся на «акрэдытацыю» зусім нядаўна, то праблемы з гульнямі ў іх ужо могуць быць да канца траўня. Хоць там і так заставалася пытанне – а з кім гуляць? Дзяржкаманды ўжо не хочуць, а на прыватнікаў ціснуць – вось і яшчэ адны ўдзельнікі Д3 АБФФ «Юні Ікс Лабс», дзе хацелі выйсці ў першую лігу, самі папрасілі перанос па той жа «акрэдытацыйнай» прычыне.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты