Tribuna/Гімнастыка/Блогі/Самаўлюбёная лукашыстка застаецца без сваёй галоўнай Алімпіяды. Хто вінаваты – яна гэтага дакладна не скажа

Самаўлюбёная лукашыстка застаецца без сваёй галоўнай Алімпіяды. Хто вінаваты – яна гэтага дакладна не скажа

Лепш паслухайце, як яе ўсім не хапае.

Аўтар — bytribuna com
28 красавіка, 18:30
3
Самаўлюбёная лукашыстка застаецца без сваёй галоўнай Алімпіяды. Хто вінаваты – яна гэтага дакладна не скажа

26 красавіка партал рэжымнага ТБ апублікаваў каментар беларускай гімнасткі Аліны Гарнасько з нагоды яе шанцаў патрапіць на Алімпійскія гульні-2024. Іх практычна няма, Гарнасько гэта разумее – але пачала свой адказ яна не з гэтага, а з праявы пачуцця ўласнай велічы: па словах «мастачкі», яе быццам бы «вялікая колькасць людзей чакае на майстар-класы і проста ўбачыць, пагутарыць».

Самаўлюбёнасць – даўно відавочная рыса Гарнасько, што ў словах прарываецца рэгулярна. Падпісантка за Лукашэнку заяўляла, што «зараджаная несці элегантнасць» і нават, маўляў, мае «місію дарыць людзям прыгожую мастацкую гімнастыку», называла сябе «душой кампаніі» і чалавекам, «мацнейшага за якога трэба яшчэ пашукаць». І ўжо не раз запэўнівала ў сваёй быццам бы вялізнай папулярнасці.

Напрыклад, у лістападзе 2022-га казала, што яе называюць сваім кумірам нават «маленькія дзеткі, якія ўпершыню прыйшлі на спаборніцтвы», і заадно запэўнівала, што на міжнароднай арэне яе з беларускімі калегамі «вельмі-вельмі не хапае, там шчыра сумуюць». У красавіку 2023-га Гарнасько размахнулася заявай, што зняцця з яе міжнароднага бана нібыта чакае «вялікая колькасць заўзятараў, фанатаў, фатографаў і нават суддзяў з гімнасткамі». А ўжо ў кастрычніку распавядала, як яе, маўляў, «цёпла прынялі» на клубным чэмпіянаце Францыі – цяпер збіраецца туды зноў для «сустрэчы са сваімі сябрамі».

Але вось на АГ Гарнасько не трапляе. Хаця пуцёўку ў Парыж называла год таму на той момант «самай вялікай марай» – калі адказвала на пытанне, у якім суразмоўца-прапагандыст у лоб заявіў, што для Гарнасько гэта «апошняя Алімпіяда па ўсіх раскладах». Гэта абʼектыўнае назіранне: гімнастцы ўжо амаль 23, а да 27 працягнуць карʼеру «мастачцы» практычна нерэальна. Дастаткова ўспомніць прыклад Кацярыны Галкінай – папярэдніцы Гарнасько ў статусе лідара зборнай Беларусі. АГ-2020 мусілі стаць яе «лебядзінай песняй» ва ўзросце 23 гадоў – але здарылася пандэмія каранавіруса, Гульні перанеслі на год пазней, і Галкіна не дацярпела.

У Токіа лідарам зборнай паехала ўжо Гарнасько – там ішла на чацвёртае месца, але дзякуючы памылцы расіянкі Арыны Аверынай забрала бронзу. А вось патрапіць у Парыж бачыць «адзін маленькі шанец, адзін працэнт са ста». У свежым каментары Гарнасько паспрабавала загадкава «пакуль не раскрываць усе таямніцы», але насамрэч ніякіх сакрэтаў няма.

Шмат месцаў на АГ разыгрывалася ў адборах, пакуль беларуская каманда была адхіленая ў адказ на вайну ва Украіне, а ў 2024-м засталася адна пуцёўка, якую павінны разыграць на ЧЕ ў траўні. І тут узнікла праблема для беларускага боку: міжнародная федэрацыя гімнастыкі (FIG) дапусціла Гарнасько на свае турніры ў нейтральным статусе (хоць з чаго яго далі паслядоўнай рэжымніцы з сяброўствам у «сілавым» абʼяднанні «Дынама» і ўдзелам у праграме набліжанай да Пуціна – тое яшчэ пытанне), а вось еўрапейская федэрацыя даваць «дабро» на ўдзел адмовілася. Усё ж патрапіць на АГ у Гарнасько засталося два шанцы: альбо «еўрапейцы» у апошні момант такі перадумаюць і пусцяць на ЧЕ, альбо FIG таксама ў апошні момант скарыстаецца сваім правам зладзіць розыгрыш пуцёўкі на нейкім іншым спаборніцтве.

Калі мізэрны шанец на спрыяльны расклад усё ж спрацуе, у Гарнасько застанецца задача стаць найлепшай з тых, у каго яшчэ няма ліцэнзій на АГ – гэта лёгка, бо расіянкі ад нейтральнага статусу адмовіліся ў прынцыпе, то бок на Гульні не прэтэндуюць увогуле. Але нават з такой умовай Гарнасько сёння не паказвае сябе рэальнай прэтэндэнткай на новы медаль Алімпіяды. На Кубку свету, дзе беларуская гімнастка цяпер зноў пачала выступаць, яна на першым для сябе этапе стала трэцяй у мнагаборʼі, але потым зʼехала. На свежым этапе ў Баку аказалася сёмай, на вялізныя па мерках віду 11,550 балы адстаўшы ад пераможцы Дарʼі Варфаламееў. Гімнастка са зборнай Германіі, якую трэнуе беларуска Юлія Раскіна, якраз пацвярджае свой статус фаварыта.

Тым не менш Гарнасько жыве з надзеяй на ўдзел у Алімпіядзе з дапамогай «нейкага цуду звыш» (вышэй мы ўжо казалі, якім яно можа быць). І ні слова не кажа пра тое, што галоўных па плане Гульняў яе дэ-факта пазбавіў – сваёй падтрымкай Пуціна ў вайне з Украінай – Лукашэнка, за якога яна падпісалася, а потым «зараджалася» поціскам рукі на мінулыя Гульні. Хоць, магчыма, і праўда гэтага не разумее – адарванасць спартсменкі ад рэчаіснасці даўно праяўляецца не толькі ў згаданым пачуцці ўласнай велічы.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты