Все новости

Трэнер «Юнацтва» Касцючонак: «Не хапіла канцэнтрацыі ў абароне, прапусцілі лёгкія галы»

26 жніўня, 16:53

Галоўны трэнер «Юнацтва» Віктар Касцючонак падвёў вынікі матчу з» Шахцёрам» у паўфінале Кубка Салея.

– Суперніка – з перамогай. У нас было шмат нерэалізаваных момантаў. Добрая гульня, Добры напал. Але гэта спорт, усе хочуць перамагчы. Сёння перамог «Шахцёр».

– У канцоўцы трэцяга перыяду, калі знялі брамніка, вы выпусцілі шэсць нападнікаў. Гэта нейкая схема, якую вы трэніруецеся, ці проста збег абставінаў?

– Вырашылі выпусціць так. Гэта нашы напрацоўкі, вырашылі так паспрабаваць.

– Чаго сёння не хапіла «Юнацтву»?

– Канцэнтрацыі пры гульні ў абароне, таму што прапусцілі лёгкія галы. Нічога ў тых момантах небяспечнага не было. І да сваіх момантаў паставіліся не так, як мае быць. Не на сто адсоткаў. Трэба было выціскаць іх яшчэ лепш.

– У вас у другой пары абароны гуляе малады Іван Рудзяк. Што скажаце пра яго? Чаму давяраеце адказную пазіцыю ў гэтай пары, а не ў трэцяй або сёмым абаронцам?

– Ваня малады хлопец, які працуе на трэніроўках, прагрэсуе. У нас хто на дадзеным этапе лепш гатовы, той і гуляе. Усё па спартыўным прынцыпе.

– Сяргей Дрозд закінуў чатыры шайбы за два матчы. Раней яго выкарыстоўвалі як чэкера. Вы бачыце яго ў іншай ролі?

– Сяргей больш універсальны гулец. Ён добра гуляе ў меншасці, у роўных складах і ў большасці, знаходзіць шайбу – і цяпер гэта ў яго атрымліваецца.

– Што скажаце пра гульню сваёй каманды на канадскай пляцоўцы? Ці паўплываў гэты фактар на вынік?

– Можа, трэба крыху хутчэй прымаць рашэнні. У нас былі простыя змены, якія мы хочам бачыць у пабудове гульні. А так нашмат цікавей, дынамічней хакей, шмат сілавой барацьбы. Гэта добра, гэта заўзятарам падабаецца.

– Наперадзе матч «Віцебска» і «Брэста». Плануеце яго глядзець?

– Плануем

З трыбуны або па тэлевізары?

– Зараз святкуюць Дзень шахцёра, гасцініц свабодных няма. Мы вяртаемся ў Мінск і будзем там рыхтавацца да заўтрашняй гульні.

– Накладвае свой адбітак той факт, што даводзіцца ездзіць з Мінску ў Салігорск і назад?

– А што рабіць? Іншага варыянту няма, гасцініц няма.

– Адзін матч вам застаўся да канца Кубка Салея, не за тытул. Ці будзе нейкая ратацыя, дасце шанец маладым хлопцам?

– Не, будзем рыхтавацца да сезону. Такая ж гульня. Праз рукавы гуляць ніхто не будзе. Будзем трэніравацца і рыхтавацца, – сказаў Касцючонак.