Tribuna/Футбол/Блоги/Нечаканыя лідары, пара сюрпрызаў ад маладых, цяжкасці ўзроставай каманды Пунтуса. Чым здзіўляе Д2 Беларусі?

Нечаканыя лідары, пара сюрпрызаў ад маладых, цяжкасці ўзроставай каманды Пунтуса. Чым здзіўляе Д2 Беларусі?

Пасля чатырох тураў хапае цікавых сюжэтаў.

2 мая, 06:43
Нечаканыя лідары, пара сюрпрызаў ад маладых, цяжкасці ўзроставай каманды Пунтуса. Чым здзіўляе Д2 Беларусі?

У першай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе згулялі ўжо чатыры туры. І гэты мінорны турнір, у адрозненні ад Д3, выклікае інтарэс не разборкамі футбольнай федэрацыі і лукашэнкаўскага міністэрства па спорце, а падзеямі, якія маюць дачыненне непасрэдна да гульні.

На сёння ў чэмпіянаце Д2 не засталося каманд, якія не страцілі б ачкі, фаварыты пачалі з прабуксоўкамі, лідары – нечаканыя, дублі канкуруюць з «дарослымі» камандамі, але не ўсё ў іх ідзе гладка.

Фаварыты буксуюць

Адным з галоўных фаварытаў перад стартам сезона выглядаў «Макслайн». Каманда Юрыя Пунтуса ўсё ж дамовілася з «Віцебскам» наконт арэнды стадыёна і перадумала здымацца з чэмпіянату, а ў міжсезонне нядрэнна ўзмацнілася. Напрыклад, прыйшлі вопытныя паўабаронцы і экс-фігуранты чорнага спісу так званага міністэрства па спорце 29-гадовы Уладзіслаў Жук і 36-гадовы Андрэй Хачатуран. З Расіі падпісалі 34-гадовага паўабаронцу Аляксандра Стаўпеца, які правеў больш за 100 матчаў у мясцовай прэм'ер-лізе, і 33-гадовага нападніка Максіма Жытнёва з 201 матчам у Д2 Расіі (там выбіў 52+15). Апошні з'яўляецца выхаванцам маскоўскага «Спартака» і дзевяць гадоў таму атрымаў сваю хвіліну славы, калі ў адным матчы і забіў мяч, і адбіў пенальці, калі заняў месца выделанага галкіпера ў дадатковы час, захаваўшы перамогу для сваёй каманды.

Аднак не сказать, што «Макслайн» распачаў упэўнена. У яго актыве пакуль толькі адна перамога (у стартавым туры на выездзе быў разгромлены «Лакаматыў» 3:0), затым здарылася сенсацыйная параза ўдома ад дублёраў мінскага «Дынама» (0:1), а далей былі нічыі з «Лідай» 2:2 і «Оршай» 1:1. Цікава, што з «Оршай» сённяшнія віцебчукі згулялі пяты раз у гісторыі, але так і не здабылі першай перамогі (дзве нічыі і тры паразы).

Пра вяртанне ў вышэйшую лігу гавораць і тыя, хто вылецеў па выніках сезона-2023 – «Белшына» і «Энергетык-БДУ». Абодва калектывы пачалі сезон з мінусам у пунктах – у бабруйчан ён складаў «-5», у «студэнтаў» – «-10».

«Белшына» з мінусу выкараскалася даволі хутка, выйграўшы тры матчы на старце (2:0 у «Слоніма», 1:0 у зборнай U-17 і 2:1 у «Бумпрама»), і такім чынам скокнула ў сярэдзіну табліцы. Але ў 4-м туры бабруйскі спрыт суняў якраз «Энергетыку-БДУ» (3:2), для якога гэтая перамога стала першай у сезоне (да гэтага былі паразы з мінімальным лікам ад «Астраўца» і «Бумпрама» і безгалявая нічыя з дублем «Шахцёра»).

Зрэшты, калі не звяртаць увагу на рыторыку, «студэнтаў» цяжка было назваць перад сезонам відавочнымі прэтэндэнтамі на павышэнне. Не на карысць каманды Аляксея Мяркулава быў не толькі стартавы мінус, але і маштабнае абнаўленне складу. Пасля вылету з 12 чалавек, якія правялі больш за палову матчаў ЧБ-2023, засталіся толькі трое. Ім у дапамогу які ўжо раз прызвалі моладзь – у асноўным, з клубаў Д2. Сярод «набытку» – адразу пяцёра расійскіх паўабаронцаў: 22-гадовы Арсеній Вайнер прыйшоў з «Оршы», 20-гадовы Магамед Тагаеў не меў клуба, а да таго спрабаваў сябе ў Д3 Расіі, 21-гадовы Іван Сёмін гуляў у аматарскіх лігах Масквы, 22-гадовы Магамедэмін Раба выходзіў з лаўкі за «Ялімай» у казахстанскім Д2, дзе 20-гадовы Ігар Клюшкін амаль не гуляў за «Туран».

Агулам сярэдні ўзрост каманды цалкам адпавядае «студэнцкаму» статусу – 20,3 года. Маладзейшыя – толькі дублёры клубаў Д1. А самы мажны па ўзросце ўсё той жа «Макслайн» (25,7 гадоў).

Няўдала пачаў сезон і «Лакаматыў». Традыцыйна моцныя на старце «чыгуначнікі» з Гомеля сёлета пасля чатырох тураў ідуць без перамог: паразы ад «Максалайна» (0:3) і «Барановічаў» (1:2) і нічыі з «Маладзечнам» і «Астраўцом» з аднолькавым лікам 1:1. Каманда ўвайшла ў сезон са сціплым ростарам у 20 гульцоў (столькі ж толькі ў «Макслайна», а менш ні ў кога няма). Проста цяпер «Лакаматыў» мае аднаго-адзінага галкіпера – 19-гадовага Аляксандра Рыжчанку, які праводзіць дэбютны сезон на прафесійным узроўні . Яго дублёрам у матчах ЧБ-2024 лічыўся намінальны форвард Аляксандр Янчанка.

Нечаканыя лідары

Пасля чатырох тураў першы і другі радок у першай лізе займаюць сераднякі папярэдняга чэмпіянату – «Маладзечна» і «Ліда». Калі лідарства першых перад пачаткам сезона яшчэ можна было прадказаць (каманда нядрэнна ўмацавалася, а дырэктар Віталь Пачкоўскі заяўляў пра жаданне «ўбачыць «Маладзечна» ў Лізе чэмпіёнаў»), то высокае месца «рыцараў» можна назваць сюрпрызам.

У міжсезонне «Ліду» пакінулі асноўны галкіпер Арцём Белы (у сезоне-2023 28 матчаў пры 7 сухіх гульнях і 43 прапушчаных мячах), паўабаронцы Альфрэд Мазурыч (16 матчаў, 6+4 па гол+пас) і Кірыл Пармонаў (16 матчаў, 3+1), вярнуўся ў «Славію» арандаваны Даніла Слесарчук, які з васьмю галамі стаў другім снайперам каманды. Акрамя таго сышла дастатковая колькасць гульцоў ратацыі.

На змену ім падпісалі пяцёх: хаўбека Кірыла Кавалюка з «Нафтана» (згуляў 30 хвілін у мінулым сезоне), абаронцу Уладзіміра Танкевіча з дубля «Нёмана» плюс расіян: паўабаронцу Руслана Аскерава з «Асіповічаў» (16 матчаў, 1 асіст), нападніка Марка Алелюнаса з «Балітыкі U-19» і брамніка Дзіміда Халявіцкага з «Металурга» Віднае (Д4). З іх сёння стабільна гуляюць Аскераў (4 матчы, 2 асісты), Алелюнас (4 матчы, у трох выходзіў на замену) і Танкевіч (4 поўных гульні).

Мабыць, галоўным поспехам для «Ліды» ў міжсезонне стала захаванне галоўнага трэнера – мясцовай легенды Аляксея Дабравольскага, які пачаў на пасадзе трэці сезон. Як гулец ён правёў за «рыцараў» каля трохсот матчаў за 12 гадоў у першай і другой лігах. А вось на чале клуба ў Дабравольскага пакуль 53 матчы (20 перамог, 11 нічыіх і 22 паразы), што з'яўляецца нядрэнным вынікам для калектыва, які не ставіць сурʼёзных задач.

Калі «Маладзечна» ўсе свае перамогі здабыла над дублямі (над рэзервістамі «Шахцёра» 2:0, БАТЭ 3:1 і мінскага «Дынама» 2:1), а адзіны матч з клубам не з сістэмы вышэйшай лігі згуляла ўнічыю (з «Лакаматывам» 1:1), то «Ліда» сустракалася толькі з «дарослымі» камандамі (выйгралі ў «Хвалі» 1:0, «Нівы» 1:0 і «Баранавічаў» 2:0). Пакуль што пункты ў «рыцараў» здолеў адабраць толькі «Макслайн» (2:2).

Дарэчы, у бліжэйшую пятніцу лідары згуляюць вочны матч: «Маладзечна» адправіцца ў Ліду.

Дублі набіраюць пункты

Адна з галоўных інтрыг перад стартам цяперашняга Д2 палягала ў тым, як праявяць сябе дублёры клубаў вышэйшай лігі і зборная да 17 гадоў, якія патрапілі ў турнір праз рэформы АБФФ. Пасля чатырох тураў высновы рабіць ранавата, аднак канстатуем: пункты змаглі набраць усе «маладыя» каманды, але ў верхняй палове табліцы на сёння ідуць толькі рэзервісты БАТЭ, якія размясціліся на 4-м радку. У іх тры перамогі (абгулялі «Баранавічы» 2:1, «Астравец» 3:2 і другую каманду «Шахцёра» 3:1) і адно паражэнне ад лідара «Маладзечна» (1:3).

10-е месца займае другая каманда мінскага «Дынама», якая летась стала чэмпіёнам у першынстве дублёраў, ні разу не прайграўшы і толькі аднойчы згуляўшы ўнічыю. У першай лізе так ярка выступаць не атрымліваецца – каманда ўжо паражэнні ад «Нівы» (1:2) і «Маладзечна» (1:2) і безгалявую нічыю з «Баранавічамі». Затое калектыў Дзмітрыя Лянцэвіча здзейсніў, бадай, адну з галоўных сенсацый на старце першай лігі, на выездзе абгуляўшы куды больш дасведчаны «Макслайн» 1:0.

Тыя ж 4 пункты пасля чатырох тураў набралі і дублёры «Тарпеда-БелАЗ». Яны стартавалі выязной нічыёй у Оршы (1:1), затым саступілі «Слоніму» (2:3) і разграмілі Беларусь U-17 (4:0). Уражанне ад нядрэннага старту моцна сапсаваў разгром ад «Бумпрама» 1:8. У гэтай сустрэчы жодзінцы прапусцілі ўжо на 1-й хвіліне, а да перапынку гарэлі 0:5 – покер у складзе гамельчукоў аформіў Максім Санец.

Дзякуючы гэтаму залпу Санец ідзе ў лідарах снайперскай гонкі Д2. Праўда, забіваў ён толькі жодзінцам. На гол адстае «макслайнавец» Жытнеў, які толькі ў аднчым матчы пакінуў поле без гола.

Магчыма, на моладзі «Тарпеда-БелАЗ» гульцы «Бумпрама» вырашылі адыграцца за паражэнне ў 1-м туры ад самага маладога калектыву турніра (сярэдні ўзрост 16,8) – зборнай да 17 гадоў (1:2). Зрэшты, гэтыя тры пункты застаюцца пакуль адзіным здабыткам для падапечных Дзмітрыя Караткевіча. Далей былі паражэнні ад «Белшыны» (0:1), дублёраў «Тарпеда-БелАЗ» (0:4) і «Хвалі» (0:3).

На перадапошнім месцы ў табліцы пасля чатырох гульняў ідуць дублёры «Шахцёра». Адзіны пункт яны змаглі зарабіць у матчы з апошнім «Энергетыкам» (0:0), які, калі б не санкцыі за махінацыі Анатоля Юрэвіча, ужо б апярэджваў «гарнякоў». Апроч нічыі са «студэнтамі» салігорцы саступілі «Маладзечна» (0:2), «Астраўцу» (0:1) і дублю БАТЭ (1:3).

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты пользователя

Все посты