Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Зноў у гульні. Пасля перамог на этапах Extreme E на Сардыніі Крыстоферсан і Алін-Катулінскі змагаюцца за тытул

Зноў у гульні. Пасля перамог на этапах Extreme E на Сардыніі Крыстоферсан і Алін-Катулінскі змагаюцца за тытул

Зноў у гульні. Пасля перамог на этапах Extreme E на Сардыніі Крыстоферсан і Алін-Катулінскі змагаюцца за тытул

Фота: Extreme E

У мінулы ўік-энд электрычная пазадарожная серыя Extreme E працягнула свой сезон на выспе Сардынія. Удача на ім нарэшце ўсміхнулася і Йохану Крыстоферсану і Мікаэле Алін-Катулінскі.

Два дыктатарскія рэжымы працягваюць забіваць: расійскі ўкраінцаў, якія не жадаюць быць рабамі, а калгасны, што апанаваў Беларусь, беларусаў, якія таксама не жадаюць быць рабамі. Абодва мусяць быць знішчаныя. Расійскі – за Бучу, Ірпень, Марыупаль, Харкаў і іншыя гарады. Калгасны – за Алеся Пушкіна, Вітольда Ашурка, Рамана Бандарэнку, Мікіту Крыўцова, Аляксандра Тарайкоўскага і іншых сваіх ахвяр. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Не ведаю, ці наблізіць перамогу дабрыні прыняцце Швецыі ў NATO, але мы вітаем у гэтым альянсе такую прыгожую і годную краіну, з багатымі гоначнымі традыцыямі, дарэчы. Шведы бліскаюць і ў кальцавых гонках, і ў ралі. А ў сусветным ралі-кросе яны ці не палову пелатону складаюць.

Адзін з іх – Йохан Крыстоферсан – з’яўляецца пяціразовым чэмпіёнам WRX і на поўнай хуткасці нясецца да шостага тытулу. А вось у Extreme E яму з Алін-Катулінскі не надта ў гэтым годзе шанцуе. Дакладней, не шанцавала да этапаў на Сардыніі, якія чэмпіён першага сезона гонак на электычных пазадарожніках (на пару яшчэ з Молі Тэйлар) разам са сваёй суайчынніцай і напарніцай па камандзе Rosberg X Racing выйграў абодва.

Праўда, не без судзейскай дапамогі. На старце фінальнага заезду суботняга этапу пасля кантакту з супернікамі Крыстоферсан апынуўся за межамі трасы і адкаціўся далёка назад. Лідарства захапіў гоншчык GMC HUMMER EV Chip Ganassi Racing Ар-Джэй Андэрсан, які выступае разам з Амандай Сорэнсэн. Пралідзіраваў амерыканскі дуэт да самага фінішу, але сам сабе ўсё сапсаваў спешкай у зоне змены гоншчыкаў. Аманда пакінула яе занадта рана, за што іх с Андэрсанам экіпаж атрымаў штраф у 15,7 секунды, што адкінула іх на трэцяе месца.

У выніку перамога перайшла да Крыстоферсана і Алін-Катулінскі. Спачатку Йохан прарваўся на трэцюю пазіцыю, абагнаўшы дзевяціразовага чэмпіёна свету па ралі Себасцьена Лёба, які вярнуўся ў Extreme E, але стаў напарнікам ужо Клары Андэрсан па ABT CUPRA XE. Француз, праўда, пракалоў шыну ў барацьбе з Маціасам Экстромам, які працягвае замяняць у Acciona Sainz XE Team траўміраванага на Дакары Карласа Сайнса-старэйшага. А вось свайго суайчынніка Крыстоферсан абышоў ужо ў рэальнай барацьбе, абагнаўшы яго перад уездам у зону змены гоншчыкаў.

Мікаэла, атрымаўшы ад Йохана іх Odissey 21, на трасе баролася ўжо з канкурэнткай з Andretti Altawkilat Extreme E Каці Манінгс, чыім напарнікам з’яўляецца чэмпіён свету па ралі-кросе 2019 года Цімі Хансэн. Іх дуэль скончылася кантактам у крутым левым павароце на апошнім кругу, у выніку якога машына брытанкі перакулілася.

Аднак парушэнняў з боку Алін-Катулінскі пры гэтым не было, тое, што здарылася, было звычайным гоначным інцыдэнтам, і здабытая Мікаэлай другая пазіцыя заслужана стала першай пасля пакарання Андэрсана і Сорэнсэн. Другое месца занялі ў выніку Экстром і Лая Санц.

На старце нядзельнага Гранд Фіналу не пашанцавала ўжо Цімі Хансэну, які спачатку заняў быў выгадную траекторыю, але затым праз кантакт з супернікамі ў вузкім месцы вымушаны быў праехаць па альтэрнатыўным шляху. Крыстоферсан тым часам, вырашыўшы не рызыкаваць празмерна, адкаціўся спачатку на чацвёртую пазіцыю, аднак хутка прарваўся на першую. Барацьбу яму паспрабаваў быў навязаць Экстром, але яму самому прыйшлося абараняцца ад Андэрсана.

Такім чынам Йохан меў ужо адносна камфортны задзел перад тым, як перадаў машыну Мікаэле. Ну а тая ўжо давяла справу да ўпэўненай і чыстай перамогі. Другое месца занялі Экстром і Санц, а трэцяе – Манінгс і Цімі Хансэн. Каці пры гэтым прыйшлося пад канец гонкі абараняцца ад атак з боку Сорэнсэн, алы брытанка выстаяла.

Два другіх месцы на Сардыніі дазволілі калектыву Acciona Sainz XE Team узначаліць турнірную табліцу Extreme E. У іх 109 ачкоў, але цяпер адстае ўсяго на чатыры, займаючы другую пазіцыю. Былым лідарам, камандзе Veloce Racing, за якую выступаюць Кэвін Хансэн і Молі Тэйлар, гэтым разам не надта пашанцавала – у фіналы яны не прабіліся ні разу, задаволіўшыся толькі перамогай у суцяшальным заездзе Redemption Race у суботу і другім месцам у ім у нядзелю. У чэмпіянаце яны трэція з 95-цю баламі.

Наступныя два этапы Extreme E пройдуць 16 і 17 верасня, але пакуль што немаведама дзе. Арганізатары выбіраюць паміж Паўднёвай Амерыкай (гонкі ў гэтым выпадку пройдуць вакол Амазонкі) і Паўночнай (ЗША).

Іншыя пасты блога

Усе пасты