Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Падзенні і ўзлёты Гран Пры Іспаніі. Чацвёрты этап MotoGP прайшоў неадназначна для ўсіх фаварытаў

Падзенні і ўзлёты Гран Пры Іспаніі. Чацвёрты этап MotoGP прайшоў неадназначна для ўсіх фаварытаў

29 красавіка, 14:10
Падзенні і ўзлёты Гран Пры Іспаніі. Чацвёрты этап MotoGP прайшоў неадназначна для ўсіх фаварытаў

Фота: motogp.com

Хто не падаў, той не падымаўся. А на Гран Пры Іспаніі ў мінулыя выхадныя хто толькі не падаў, у тым ліку чэмпіёны і лідар сезона. Чыста этап MotoGP на трасе імя Анхеля Ніета ў Херэсе не правёў, напэўна, наогул ніхто.

Мяне часам крытыкуюць за тое, што я старонна стаўлюся да Формулы 1, дзе бракуе барацьбы за перамогі ў гонках і ў чэмпіянаце, затое часта разварочваюцца баталіі за месцы ад другога і ніжэй. Але ж мне ёсць з чым параўнаць, і іншыя суствентыя гоначныя чэмпіянаты адрозніваюцца напружанай барацьбой якраз за тытулы, не кажучы ўжо пра перамогі на асобных этапах.

Не выключэнне і MotoGP, іспанскі Гран Пры якога ў мінулы ўік-энд прымаў Херэс, у якім, здаецца, было ўсё і з усімі. У тым ліку з Маркам Маркесам, які заваяваў на радасць сваім фанатам на трыбунах поўл. У Gresini Racing справы ў шасціразовага чэмпіёна прэм’ер-катэгорыі ідуць быццам бы лепей, чым у заводскай Хондзе цягам некалькіх папярэдніх сезонаў, але канвертаваць хуткасць, што ў іспанца па-ранейшаму ёсць, у фінішы на высокіх месцах у яго атрымліваецца не заўсёды. І падае Марк усё яшчэ занадта часта.

Вось і хатні Гран Пры так шматабяцальна для яго пачаўся, але спрынт скончыўся для яго зусім не так, як чакаў ён сам і ўсе прыхільнікі мотагонак. Спачатку ён саступіў першую пазіцыю канкурэнту з Red Bull KTM Factory Racing Брэду Біндэру, які выдатна стартаваў з чацвёртай пазіцыі, а потым прапусціў наперад і свайго суайчынніка і лідара чэмпіянату з Prima Pramac Racing Хорхе Марціна, які стартаваў трэцім.

Марцінатар яшчэ і Біндэра апярэдзіў, захапіўшы лідарства, хаця хутка і Маркес пакінуў ззаду паўднёфаафрыканца, каб ўсё ж такі паспрабаваць перамагчы. Хуткасць для гэтага ў яго была, ён паступова скарачаў адставанне ад Марціна, і на сёмым кругу падлавіў Хорхе на памылцы, перахапіўшы ў яго першую пазіцыю. На якой пабыў зусім нядоўга, упаўшы пад канец заезду і адкаціўшыся на дзявятую пазіцыю.

У фінішным пратаколе, аднак, Маркес зняшоў сябе на шостым месцы, чаму, праўда, дапамаглі суддзі, якія за недазволены ціск у шынах выпісалі васьмісекундныя штрафы некалькім гоншчыкам. У тым ліку чэмпіёну 2021 года з Monster Energy Yamaha MotoGP Фабіа Куартарара, які фінішаваў трэцім, стартаваўшы… дваццаць трэцім! У спрынце Эль Д’ябла пашанцавала, і ён не ўапаў, у адрозненні ад таго ж Марка Маркеса, яго брата і напарніка Алекса і яшчэ васьмі супернікаў.

У тым ліку поўнага складу заводскай Ducati Lenovo Team! Толькі калі Энеа Басціаніні памыліўся сам, то дзейны чэмпіён Франчэска Баньяя на сваю бяду на другім кругу ў першым павароце апынуўся паміж Біндэрам і гоншчыкам Pertamina Enduro VR46 Racing Марка Безэкі. Кантакт з імі прывёў да падзення італьянца і яго сходу з дыстанцыі, хаця пасля даволі ўдалага прарыву з сёмай пазіцыі на старце ён мог разлічваць і на перамогу.

Дасталася ж яна ў выніку Марціну, а другое месца заняў хуткі дэбютант з Red Bull GASGAS Tech3 Педра Акоста. Малады іспанец стартаваў толькі дзясятым, але хуткасць і шанцаванне ізноў дазволілі яму бліснуць. Як і яшчэ аднаму іспанцу Дані Педросе, які на хатнім Гран Пры стартаваў па ўайлд-кард у складзе заводскай Red Bull KTM Factory Racing.

Кваліфікаваўся шматразовы віцэ-чэмпіён толькі шаснаццатым, аднак пазбег непрыемнасцей, прарваўся на чацвёртую пазіцыю і на апошніх кругах нават спрабаваў навязаць барацьбу Куартарара за трэцяе месца. На якім апынуўся, калі француз атрымаў свой штраф і перамясціўся ў пратаколе на пяты радок, прапусціўшы яшчэ і свайго былога напарніка, а цяпер напарніка Марціна Франка Марбідэлі. Подыум жа па выніку спрынту атрымаўся поўнасцю іспанскім, ізноў жа на радасць мясцовым фанатам.

Пасля такога шалёнага суботняга спрынту многія чакалі не меней шалёнай нядзельнай гонкі. Ну, шалёнай яна, можа, і не стала, але дакладна не падвяла, хаця задаволеныя па яе выніках таксама былі не ўсе. І, што галоўнае, не тыя ж, што і пасля спрынту! Марку Маркесу на гэты раз удалася на старце ўтрымаць першую пазіцыю, а Марцін прарваўся на другую, на якой яго амаль адразу змяніў Баньяя, які здзейсніў самы ўражлівы стартавы прарыў.

Цягам першага круга Пэка апярэдзіў і Маркеса, узначаліўшы гонку, тады як Марк прапусціў наперад яшчэ і Марціна. Хорхе ў канцы другога круга сам вырваўся ў лідары, абагнаўшы Баньяю пасля яго памылкі, і ўзначальваў пелатон да адзінаццатага круга, на якім ужо сам памыліўся, упаў і сышоў з дыстанцыі. Першая пазіцыя пасля гэтага перайшла да Баньяі ізноў, але моцныя супернікі ў дзейнага чэмпіёна яшчэ засталіся.

Ззаду ў яго ўжо за другое месца бароліся ўсё той жа Марк Маркес і Безэкі, прычым гоншчык Pertamina Enduro VR46 Racing быў наперадзе іспанца, абагнаўшы яго крыху раней. Аднак пазней ужо Марк правёў удалую атаку ў шостым павароце і накіраваўся за Баньяяй, каб на апошніх кругах развярнуць прыгожую дуэль з ім. На шчасце, мінулагодні Ducati Desmosedici GP23 нічым не горшы за свежы заводскі GP24, хаця перамога ў выніку дасталася ўладальніку апошняга. Маркес, зрэшты, фінішаваўшы ў 0,372 секунды за Баньяяй, быў цалкам задаволены і другім месцам, як і Безэкі трэцім.

Па выніках Граны Пры Іспаніі Баньяя здолеў паправіць сваё становішча ў чэмпіянаце, падняўшыся на другую пазіцыю. Ад Марціна, праўда, які мае 92 ачкі, Пэка са сваімі 75-цю пакуль што адстае заўважна. Басціаніні, які ў нядзелю фінішаваў пятым, апусціўся на трэці радок, у яго 70 балаў. Ducati Lenovo Team па-ранейшаму даволі ўпэўнена ўзначальвае залік каманд, маючы 145 ачкоў супраць 102-х у Aprilia Racing, чыім гоншчыкам у Херэсе не пашанцавала – у спрынце не фінішаваў ні Алейш Эспаргара, ні Маверык Віньялес, а ў нядзелю клецісты сцяг пабачыў дзявятым толькі Віньялес. Ну а калектыў Prima Pramac Racing, які ў нядзелю сышоў поўным складам, тым не менш застаўся з 98-мю ачкамі на трэцяй пазіцыі.

Наступным прыпынкам MotoGP стане Гран Пры Францыі, які 10-12 мая пройдзе ў Ле Мане. Натхняе ўжо сама назва месца яго правядзення, і, напэўна, незадарма, таму наш блог і яго Тэлеграм-каналу Honačnaja psichapatyja будуць уважліва сачыць за педзеямі яго і не толькі. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты