Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/А Кітай варты таго, каб чакаць? Макс Ферстапен, які перамог у Шанхаі, дакладна задаволены

А Кітай варты таго, каб чакаць? Макс Ферстапен, які перамог у Шанхаі, дакладна задаволены

21 красавіка, 23:18
А Кітай варты таго, каб чакаць? Макс Ферстапен, які перамог у Шанхаі, дакладна задаволены

Фота: formula1.com

Калі гонкі – гэта каханне, як у выпадку са мной, то любая з іх вартая таго, каб яе чакаць і глядзець. Але ж так цяжка адвязацца ад завышаных чаканняў і перастаць жадаць барацьбы за перамогу, нават калі разумееш, што на сёння яна магчымая хіба што ў выпадку нейкіх эксцэсаў. Хаця ў выпадку з Гран Пры Кітая, які праходзіў у гэтыя выхадныя, з барацьбой усё, насамрэч, было не так і дрэнна.

Прыезд чэмпіянату свету на трасу ў Шанхаі мы чакалі з 2019 года. Пандэмія каронавіруса, што пачалася ў 2020-м, а потым і яе наступствы затрымалі наступны візіт Каралевы аўтаспорту ў Паднябёсную да гэтай вясны. У выніку Формула 1 ізноў правяла Гран Пры Кітая ўжо ў іншым выглядзе, на іншых машынах і з іншымі фаварытамі.

Ці не загнуў я, зрэшты, пра фаварытаў? Усё ж такі, Red Bull некалі ўжо былі дамінатарамі. Але, як ні дзіўна, прадстаўнікі калектыву з Мілтан-Кінса падымаліся на вяршыню подыуму толькі двойчы, і у часы, калі калектыў гэты яшчэ не быў дамінатарам, і калі ўжо не быў. Фартуна ўсміхнулася, адпаведна, Себасцьяну Фетэлю ў 2009 годзе і Даніэлю Рыкарда ў 2018-м.

Ну я цяпер мы з’яўляемся сведкамі, напэўна, піку кар’еры Макса Ферстапена, які кітайскі Гран Пры не выйграваў да гэтага аніводнага разу ні ў якой камандзе. Таму пэўная інтрыга перад гэтым уік-эндам захоўвалася, бо на гэтым аўтамабілі і на гэтых шынах ні трохразовы і дзейны чэмпіён, ні хто-небудзь яшчэ на шанхайскую трасу раней не выязджаў, калі не ўлічваць працу на сімулятарах.

А што, на маю думку, нават важней, дык гэта новы фармат гоначнага ўік-энду, які Формула 1 паспрабавала ў Шанхаі. Гэты этап быў першым у сезоне з суботнім спрынтам і пятнічнай кваліфікацыяй да яго пасля адзінай сесіі свабодных заездаў. І вось яна дала нам пэўную надзею, якая затым хаця б часткова, але апраўдалася.

Дзякаваць за яе мы мусім хмарам, якія навісалі над аўтадромам падчас спрытн-кваліфікацыі і з якіх перыядычна накропвала. У першай сесіі асфальт намачыла толькі крыху, таму пачатак другой адкладзены быў не праз мокрую трасу, а праз траву, што загарэлася ў пятым павароце праз іскры ад машын. Але новы зарад дажджу набліжаўся, таму ўдзельнікам Гран Пры прыйшлося паспяшацца, каб паспець паказаць канкурэнтаздольныя часы.

Тут абышлося без сенсацый, Ферстапен узначаліў пратакол, а вось фінал выйшаў ужо зусім іншым. Траса была ўжо настолькі мокрай, што вылетаў за межы трасы не пазбег, напэўна, ніхто, у тым ліку сам Макс. Прычым яму не пашанцавала ў апошнім павароце, за што вынік пасля яго першай спробы быў спісаны. Другую нідэрландзец правёў ужо адносна чыста, але, відаць, асцярожнічаў з запасам, таму апынуўся не на вяршыні табліцы.

Гэта зрабіў быў пілот McLaren Ланда Норыс, але і яго час суддзі былі анулявалі таксама за выезд за межы трасы ў апоўнім павароце. Але, разабраўшыся, пазней вярнулі брытанцу яго час, які выявіўся часам поўлу ў спрынце. На другой пазіцыі апынуўся сяміразовы чэмпіён з Mercedes Льюіс Хэмілтан, на трэцяй – двухразовы з Aston Martin Фернанда Алонса, і толькі на чацвёртай – трохразовы і дзейны.

Хаця ў зман такія вынікі наўрад ці каго ўвялі. У суботу было ўжо суха і зразумела, што доўга стрымліваць Ферстапена ніхто з яго канкурэнтаў наперадзе не зможа. Тым не менш абганяць яму ўсё ж такі прыйшлося, хаця адну пазіцыю Макс адыграў на першым кругу дзякуючы памылцы Норыса ў першым павароце, калі ён праехаў шырока, адкаціўшыся на сёмую пазіцыю. Фінішаваў Ланда ў выніку шостым, і тое дзякуючы падзеям наперадзе.

Перад Ферстапенам жа засталіся толькі Алонса і Хэмілтан, які стаў новым лідарам спрынта. З іспанцам гоншчыку Red Bull усё ж прыйшлося павазіцца – той не жадаў так проста саступаць пазіцыю. Толькі на сёмым кругу Макс нарэшце праціснуў абарону Фернанда і адразу здолеў наблізіцца да Льюіса дзякуючы памылцы з боку брытанца, якога таксама пакінуў ззаду на дзясятым кругу з дзевятнаццаці.

Ад атакі з боку Алонса Хэмілтана застрахаваў пілот Ferrari Карлас Сайнс, які насядаў на свайго суайчынніка, спрабуючы прабіцца ў Топ-3. Адпаведна, увага Фернанда была адцягнутая на яго, і не дарэмна, бо біўся пераможца Гран Пры Аўстраліі жорстка. Настолькі, што на сямнаццатым кругу паміж двума іспанцамі адбыўся кантакт, які стаў прычынай проколу шыны ў Алонса і яго сходу з дыстанцыі.

Пры гэтым напарнік Ферстапена Серхіа Перэс, які стартаваў шостым і назіраў за барацьбой іспанцаў ззаду, як гэта часта бывае, стаў тым трэцім, што перамог у бойцы двух і трэцім жа на фінішы спрынта. Сайнсу ж прыйшлося адбівацца і ад свайго напарніка Шарля Леклера, і гэта Карлас таксама рабіў жорстка. Настолькі, што нават крыху рассярдзіў манэгаска, з якім яму трэба дзяліць гараж яшчэ шмат гонак. І беспаспяхоўна, бо Леклер усё роўна выйшаў наперад.

Да Хэмілтана, які заняў другое месца, Чэка не хапіла ўсяго пары секунд, прытым што Льюіс ад Макса адстаў на трынаццаць, што давала зразумець, чаго чакаць і ад кваліфікацыі да нядзельнай гонкі, і ад самой гэтай гонкі. Як вам, напэўна, ужо зразумела, і гэтыя чаканні спраўдзіліся, прычым, фактычна, ужо па выніках суботняй кваліфікацыі. Ізноў жа, не асабліва напружваючыся, Ферстапен заваяваў поўл, соты ў гісторыі Red Bull, а Перэс кваліфікаваўся другім.

Справа запахла чарговым дублем дзейных уладальнікаў Кубку канструктараў, але калі Макс на старце сённяшняй гонкі без праблем утрымаў першую пазіцыю, то Серхіа прапусціў наперад Алонса. На пятым кругу мексіканец вярнуў быў пазіцыю, але ўтрымаць яе да фінішу яму не было наканавана. Ускосна вінаватым у гэтым стаў пілот Sauber Валтары Ботас, а дакладней, трансмісія яго баліда, якая выйшла з ладу на дваццаць першым кругу.

Фіну прыйшлося прыпаркаваць машыну каля трасы, а вось хутка яе эвакуіраваць у маршалаў не атрымалася – скрыня перадач была заблакаваная. Таму пасля пары кругоў у рэжыме віртуальнага аўтамабіля бяспекі пелатон узначаліў рэальны. Як і трэба было чакаць, многія пілоты ў выніку накіраваліся ў боксы, у тым ліку абодва прадстаўнікі Red Bull, але калі Ферстапен пасля гэтай хвалі захаваў лідарства, то Перэс апынуўся за Норысам і Леклерам. Аператыўна апярэдзіць іх пасля рэстарту ў Чэка не атрымалася, бо неўзабаве гонка зноў была нейтралізаваная пэйс-карам.

Тут вінаватых, і ўжо не ўскосна, было адразу два. Напарнік Алонса Лэнс Строл у перадрэстартавай таўханіне падбіў ззаду машыну Даніэля Рыкарда, а напарнік аўстралійца па RB Юкі Цунода стаў ахвярай пілота Haas Кэвіна Магнусэна і сышоў з дыстанцыі з прабітым колам. Даніэль таксама склаў зброю, але ўжо пасля рэстарту на трыццаць другім кругу, калі выявілася, што яго машына пашкоджаная.

Перэс жа, як і многія астатнія, другі і трэці адрэзкі праводзіў на шынах Hard, але, відаць, захраснуўшы ў адрозненні ад напарніка за канкурэнтамі, не здолеў належным чынам прагрэць гуму. А можа і знасіў яе занадта ў атаках на Леклера, якога апярэдзіў толькі на саракавым кругу. Да Норыса Серхіа пасля гэтага нават не набліжаўся, так і задаволіўшыся трэцім месцам. Ланда заняў другое, што стала лепшым яго вынікам у сезоне.

Ферстапену брытанец на фінішы саступіў амаль чатырнаццаць секунд, што яшчэ раз нагадала ўсім пра тое, што ў цяперашней Формулы 1 ёсць гэты самы Ферстапен і ўсе астатнія. Хаця гэта праблемы якраз астатніх, а не Макса, чый узровень яскрава праяўляецца на фоне нават яго напарніка, які на такой жа машыне не заўсёды можа за ім угнацца.

Так што Ферстапен са сваімі 110-цю ачкамі ў чэмпіянаце лідзіруе справядліва. Перэс, у якога 85 балаў, пакуль што захоўвае другую пазіцыю, аднак Леклер, які з яго 76-цю ідзе трэцім, не так і далёка. У першай тройцы Кубку канструктараў разрывы ўжо большыя: Red Bull лідзіруе, маючы 195 ачкоў, Ferrari на другой пазіцыі са 151-м балам, McLaren замыкае першую тройку і мае 96 ачкоў.

Ну а Гран Пры Кітая чакаць у любом выпадку было варта. Гэта ж не траса вінаватая, што чэмпіянат свету зараз у такім становішчы. Дый фармат са спрынтам ажывіў падзеі на трасе, прычым са спрынтам жа будзе і наступны – Гран Пры Маямі, які пройдзе 3-5 мая. Да гэтай даты адбудзецца і шмат іншых гонак, прычым частка з іх ужо адбылася, і я пастараўся паведаміць вам пра іх праз Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Вядома, абавязкова раскажу і тут, а пра ўсё самае важнае са свету канкрэтна Вялікіх Прызоў паведамяць нашы сябры – Formuła Pieramohi | F1. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты