Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Не пракаціла. Як Ferrari перахітрылі саміх сябе на гонцы 6 гадзін Імалы, якую павінны былі выйграць

Не пракаціла. Як Ferrari перахітрылі саміх сябе на гонцы 6 гадзін Імалы, якую павінны былі выйграць

22 красавіка, 17:23
Не пракаціла. Як Ferrari перахітрылі саміх сябе на гонцы 6 гадзін Імалы, якую павінны былі выйграць

Фота: fiawec.com

Другі этап чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць праходзіў у мінулыя выхадныя на тэрыторыі каманды Ferrari. І праходзіў, як здавалася, пад яе дыктоўку. Толькі перамагла чамусьці Toyota. Чаму?

Расчахляйце свае мемы пра стратэгаў Ferrari – іх час нарэшце ізноў надышоў! Толькі цяпер не ў Формуле 1, а ў WEC, хаця паміж камандамі там і там сувязь усё адно непасродная. Хаця, дзеля справядлівасці, няўдачу ў Імале абумовілі дзеянні не толькі каманднага мосціку Ferrari AF Corse.

А як усё пачыналася! Па выніках кваліфікацыі на першых трох пазіцыях апынуліся гіперкары-прататыпы Ferrari 499P, два заводскія чырвоныя пяцідзясятага і пяцьдзесят першага экіпажаў і адзін жоўты кліенцкі, восемдзесят трэцяга экіпажа каманды-сатэліту, якая называецца проста AF Corse. Прычым апошні наогул размясціўся на першым шэрагу намаганнямі найперш расіяніна Роберта Шварцмана, які вымушаны выступаць пад ізраільскім сцягам і які выдатна выступіў у сесіі Гіперпоўлу.

У гонцы, праўда, у Роберта з яго калегамі па экіпажу – цёзкай па прозвішчы Кубіца і Іфэем Е, усё пайшло не па плане з самага пачатку. Паляк, які быў за стырном на першым адрэзку гонкі, атрымаў штрафны праезд па піт-лэйне за перавышэнне хуткасці ў рэжыме Full Course Yellow. Такіх падчас гонкі ў Імале хапала, яна фактычна ім пачалася, калі пасля старту ў звязцы Tamburello сутыкнуліся адразу некалькі гіперкараў, а ззаду на галоўнай прамой не абышлося без інцыдэнтаў у пелатоне машын LMGT3.

Зрэшты, другую пазіцыю Кубіца ўсё роўна саступіў на першым жа кругу заводскаму пяцьдзесят першаму экіпажу трыумфатараў мінулагодняга Ле Мана Алесандра П’ер-Гуідзі, Джэймса Калада і Антоніа Джавінацы. Які потым узначаліў гонку, апярэдзіўшы сястрынскую машыну ўладальнікаў поўлу Антоніа Фуока, Мігеля Маліна і Нікласа Нільсэна. І такая дыспазіцыя ў лідарскай групе, калі не лічыць перастановак падчас піт-стопаў, захоўвалася цягам двух трацін гоначнай дыстанцыі.

Майк Конвэй, Камуі Кабаяшы і Нік дэ Фрыс з сёмага экіпажа Toyota Gazoo Racing стартавалі ў Імале шостымі, і ў першыя гадзіны так і бароліся за пазіцыі ў сярэдзіне першай дзясяткі з канкурэнтамі з Porsche Penske. Спякотна ў Імале ў нядзелю не было, і японскія гіперкары GR010 Hybrid, нягледзячы на карэктыроўку Баланса прадукцыйнасці быццам бы ў іх бок, хуткасцю не бліскалі. Машыны Ferrari ў параўнанні з імі лепей прагравалі шыны, і змяшаць карты мог хіба што дождж.

Верагоднасць якога захоўвалася, але спачатку не падавалася нікому высокай – старт прайшоў наогул пры сонечным надвор’і. Але затым стала пахмурна, падняўся вецер, які на чацвёртай гадзіне ўзмацніўся і нагнаў дажджавыя хмары на Аўтадром імя Энца і Дзіна Ферары. Прадстаўнікі каманды Камендаторэ ў гэты момант якраз былі занятыя барацьбой за лідарства, і, напэўна, і не заўважылі, як ззаду падабраўся дэ Фрыс, які апярэдзіў Маліну на рэстарце пасля чарговага перыяду нейтралізацыі, вывеўшы свой экіпаж на другую пазіцыю.

Ну а неўзабаве і дождж пачаўся, і тут што ў Ferrari AF Corse, што ў проста AF Corse самі сабе ўсё сапсавалі. У стане чырвоных і жоўтых, відаць, падумалі, што дождж не будзе працяглым, бо моцным ён, у прынцыпе, не быў. Таму ўсе італьянскія экіпажы засталіся на сліках, прычым Маліна нават абагнаў у павароуце Tosa сёмую Таёту, якой кіраваў ужо Кабаяшы. Аднак японец хутка накіраваўся ў боксы па дажджавыя шыны, што і вырашыла вынік гонкі. Бо і экіпажам на Ferrari 499P прыйшлося нарэшце пазбаўляцца слікаў, але рашэнне аб гэтым было прынятае занадта позна.

Хто не рызыкуе, той не п’е шампанскага, што, канечне, праўда. Як праўда і тое, што рызыка не абавязкова мусіць спрацаваць, але навошта ж было рызыкаваць усімі трыма экіпажамі? Можна ж было б развесці іх па тактыцы, загадаць хаця б таму, які ішоў на вышэйшай пазіцыі, такі перайсці на дажджавую гуму. І на капітанскім мосціку Ferrari пра гэта думалі – таму ж Калада прапанавалі гэта зрабіць, але брытанец сам быў перакананы ў тым, што застанецца хуткім і на сліках.

У выніку жа ён з П’ер-Гуідзі і Джавінацы заняў не другое месца, а сёмае, а Кубіца, Шварцман і Е фінішавалі яшчэ на пазіцыю ніжэй. Фуока, Маліна і Нільсэн прайграліся не так дужа, але ўсё роўна прайграліся, скончыўшы гонку чацвёртымі. Але вы памыляецеся, калі думаеце, што Конвэй, дэ Фрыс і Кабаяшы дакочвалі гонку спакойна. Яны пад канец гонкі якраз адчувалі сябе нібы на іголках, бо самай хуткай машынай на трасе з ужо сухой траекторыяй тады была не сёмая Toyota GR010 Hybrid, а заводская шостая Porsche 963 пераможцаў гонкі ў Катары Кэвіна Эстрэ, Андрэ Лотэрэра і Лоўрэнса Вантора.

Апошнюю змену за стырном машыны праводзіў Эстрэ, які хутка набліжаўся да Кабаяшы, адыгрываючы часам на адным кругу да секунды, і ў пэўны момант паміж дзвюма машынамі і адной не засталося. Аднак абганяць у Імале амаль што няма дзе, таму ў Кэвіна ніяк не атрымлівалася падрыхтаваць атаку, а потым выявілася, што за нейкае парушэнне яго экіпаж атрымаў штраф у пяць секунд.

Стала зразумела, што нават калі атрымаецца абагнаць Кабаяшы, не факт, што атрымаецца ад’ехаць ад яго за хвіліны, што засталіся, на гэтыя пяць секунд, каб захаваць першае месца. Таму шосты экіпаж задаволіўся другім, тым больш што сястрынскі пяты, за які выступаюць Мэт Кэмпбэл, Міхаэль Крыстэнсэн і Фрэдэрык Макавецкі, усё роўна быў болей чым у дваццаці секундах ззаду і пагрозы не ўяўляў. Затое таксама прынёс Porsche Penske подыум, падняўшыся на ніжнюю яго ступень.

У катэгорыі LMGT3 перамагчы таксама павінныя былі не тыя, хто перамог у выніку. З поўлу тут стартавалі ізноў жа героі 1812 кіламетраў Катара – дзевяноста другі экіпаж літоўскай каманды Manthey PureRxcing на Porsche 911 LMGT3 з беларусам (вось дык бінга!) Аляксандрам Малыхіным, немцам Жаэлем Струмам і аўстрыйцам Клаўсам Бахлерам. Наш зямляк праводзіў першы адрэзак, і правёў яго выдатна, захаваўшы лідарства, як і Струм потым. А вось у змену Бахлера, калі пачаўся дождж, у камандзе вырашылі не рызыкаваць і перайсці на адпаведныя шыны, што, магчыма, і не дазволіла атрымаць другую запар перамогу.

А вось у трыццаць першым экіпажы Team WRT, за які выступаюць Дарэн Лонг, Шон Гелаэль і Аўгуста Фарфус і які стартаваў з чацвёртай пазіцыі, рызыкнулі, і засталіся на сліках, калі на апошняй траціне дыстанцыі пайшоў дождж. І ў выпадку з BMW M4 LMGT3, у адрозненні ад гіперкараў Ferrari, рызыка апраўдалася – машына засталася дастаткова хуткай і кіраванай.

У сястрынскага сорак шостага Ахмада Аль-Харці, Валянціна Росі і Максіма Мартана, праўда, была такая ж, але Фарфус на пятай гадзіне здолеў апярэдзіць Мартана ў шыкане Variante Alta і атрымаць гонар прынесці камандзе пермогу. Калегі, зрэшты, прынеслі дубль, а Малыхін, Струм і Бахлер занялі трэцяе месца.

Становішча ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць змянілася яшчэ паміж першым і другім этапамі. Праз месяц пасля гонкі ў Катары, у якой другі экіпаж Cadillac Racing заняў чацвёртае месца, ён быў дыскваліфікаваны за парушэнне тэхнінага рэгламенту – на гіперкары V-Series.R няправільна былі размешчаныя стабілізатары дыфузора. У тым ліку і дзякуючы гэтаму Ferrari паднялася на трэцюю пазіцыю заліку вытворцаў катэгорыі гіперкараў, дзе яна мае 31 бал.

А вось Toyota, наконт якой мы ў мінулы раз гадалі, ці не скончылася эра яе дамінавання, выйшла на другую пазіцыю і з 48-мю ачкамі ўсяго дзевяць саступае Porsche, якая па-ранейшаму лідзіруе. Лідзіруюць, ужо ў заліку пілотаў, і Лотэрэр, Эстрэ і Вантор, у якіх 56 ачкоў. Кабаяшы, Конвэй і дэ Фрыс, у якіх 40 балаў, цяпер другія, яны ўсяго на адзін бал апярэджваюць Макавецкі, Кэмпбэла і Крыстэнсэна.

Manthey PureRxcing з 54-ма ачкамі захоўваюць лідарства ў LMGT3, а іх бліжэйшымі пераследнікамі цяпер з’яўляюцца Team WRT, у якіх 37 балаў, што ўсяго на адзін болей, чым у Heart of Racing, чыім лепшым экіпажам у Імале стаў дваццаць сёмы ў складзе Іэна Джэймса, Даніэля Манчынэлі і Алекса Рыбейраса, якія занялі пятае месца.

Працягам сезона WEC стане гонка 6 гадзін Спа-Франкаршам, якая пройдзе ўжо 11 мая. За ёй і іншымі важнымі падзеямі ў сусветным аўта- і мотаспорце будзе сачыць гэты блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты