Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Успамінаем адчайнае рубілава на этапе сусветнага Супербайка ў Асэне

Успамінаем адчайнае рубілава на этапе сусветнага Супербайка ў Асэне

24 красавіка, 16:11
Успамінаем адчайнае рубілава на этапе сусветнага Супербайка ў Асэне

Фота: worldsbk.com

Уявіце, калі б у цяперашней Формуле 1 пасля першых трох этапаў (а прайшло ўжо наогул пяць) на перамогу ў чэмпіянаце прэтэндавалі як мінімум два гоншчыкі з дзвюх розных каманд. А ў WSBK гэта рэальнасць, і на этапе ў нідэрладнскім Асэне ў мінулыя выхадныя па-сапраўднаму бліснулі і Альвара Баўціста, і Топрак Разгатліоглу.

Храмам Хуткасці называюць не толькі італьянскую Монцу. Траса ў Асэне таксама носіць такі тытул, хоць і ў мотагоначным свеце. А пасля трэцяга этапу сусветнага Супербайка яна заслужыла і яшчэ адзін – Храм Барацьбы, якой усіх парадавалі найперш два фаварыты гэтага сезона з двух заводскіх калектываў, Aruba.it Racing-Ducati і ROKiT BMW Motorrad WorldSBK Team.

Але не толькі яны! Героем суботняй гонкі нечакана стаў прадстаўнік Barni Spark Racing Team і дэбютант старэйшай катэгорыі Нікалас Спінэлі, які стартаваў толькі адзінаццатым. Пры гэтым Альвара Баўціста і Топрак Разгатліоглу кваліфікаваліся сёмым і трэцім адпаведна, а поўл наогул заваяваў шасціразовы чэмпіён Джонатан Рэй, які цяпер з горам папалам выступае за заводскую Pata Prometeon Yamaha. Брытанцу, забягаючы наперад, ні ў адной з гонак развіць поспех не ўдалася – ён фінішаваў не вышэй за пятую пазіцыю.

Прычынай усіх суботніх сенсацый стала надвор’е, бо падчас што кваліфікацыі, што першага заезду ўік-энда траса падсыхала пасля дажджу. Гэта рабіла выбар шын на гонку латарэяй, і джэк-пот сарваў якраз малады італьянец, які абуў свой Ducati Panigale V4R у прамежкавую гуму. У выніку Спінэлі не проста вырваўся ў лідары на першым кругу, а пад яго канец «вёз» бліжэйшаму з пераследнікаў чатыры секунды.

Некаторыя з гэтых пераследнікаў тым часам спрабавалі выжыць на яшчэ сырой трасе на сліках, што атрымлівалася не ва ўсіх. Райдэр Team GoEleven Андрэа Іанонэ, напрыклад, перастараўся, упаў у трэцім павароце і сышоў з дыстанцыі. Адрыў жа Спінэлі ўсё рос, і пад канец восьмага круга складаў ужо дзевятнаццаць секунд. Што, аднак, не значыла, што перамога ў Нікаласа ўжо ў кішэні.

За яе патэнцыйна за спінай гоншчыка Barni Spark Racing Team змагаліся і Разгатліоглу з Баўцістай. Двухразовы і дзейны чэмпіён толькі на першых кругах меў пэўныя складанасці, але па меры таго, як траекторыя прасушывалася, іспанец набіраў тэмп і нарэшце падабраўся да чэмпіёна 2021 года. Таксама ў гэтай бойцы ўдзельнічаў Алекс Лоўс з Kawasaki Racing Team WorldSBK, і яго разам з Баўцістай Разгатліоглу прапусціў наперад, выехаўшы шырока ў першым павароце на дзявятым кругу.

Брытанец, зрэшты, з гэтай тройцы пазней выпаў, а Разгатліоглу ў пачатку трынаццатага круга абагнаў Баўцісту. Пры гэтым да Спінэлі турку з іспанцам заставалася ўжо толькі адзінаццаць секунд, і скарачалася і далей – прамежкавыя шыны на байку італьянца на ўжо практычна сухой трасе больш не забяспечвалі яму перавагі ў хуткасці.

Так што перамога замаячыла была і перад Топракам і Альвара, але іх перспектывы на пятнаццатым кругу перакрэсліў рухавік на матацыкле былога напарніка Разгатліоглу Андрэа Лакатэлі, які і зараз выступае за заводскую Pata Prometeon Yamaha. Алей, што выцек на трасу, прымусіў дырэкцыю гонкі спыніць яе чырвонымі сцягамі, да вялікай незадаволенасці Разгатліоглу, які ўжо збіраўся пакінуць ззаду і Спінэлі.

Той у выніку сенсацыйна выйграў гонку, Топрак задаволіўся другім месцам, Баўціста заняў трэцяе. Абодва, зрэшты, адыграліся на наступны дзень, хоць і па-рознаму. У ранішнім Суперпоўл-спрынце, які вызначае стартавыя пазіцыі ў другой гонцы і які праходзіў ужо на поўнасцю сухой трасе і ў пагоду, Разгатліоглу, напрыклад, не пашанцавала – ён на старце страціў адну пазіцыю, а да фінішу адкаціўся наогул на дзявятую.

Не адразу злавіў свой тэмп і Баўціста, які на старце таксама саступіў адну пазіцыю канкурэнтам. Затое пасля Альвара раскаціўся так, што на перадапошнім дзявятым кругу ўжо атакаваў свайго хуткага напарніка Нікола Булегу, перахапіў у яго першую пазіцыю і перамог. Італьянец стартаваў другім, другім жа ў выніку і фінішаваў, трэцяе месца заняў Алекс Лоўс.

Ну а ў фінальнай гонцы зваротны ўдар нанёс ужо Разгатліоглу. Толькі яму прыйшлося моцна пастарацца, каб самому зноў не атрымаць гэты ўдар. Тых, хто мог бы яго нанесці, хапала: і Баўсціста з Булегай, якія на старце захавалі былі пазіцыі, і Лакатэлі, які хутка апярэдзіў Булегу, і гоншчык сяброўскай каманды GYTR GRT Yamaha WorldSBK Team Рэмі Гарднэр, які ў сваю чаргу хутка абагнаў Андрэа.

За першыя кругі да гэтай шчыльнай групы дабраўся і Разгатліоглу, і на шостым ужо ён абагнаў Гарднэра ў барацьбе за другую пазіцыю. А ўсяго кругам пазней на тармажэнні перад апошняй шыканай адбіў і першую ў Баўцісты. Пры гэтым ізноў пайшоў невялікі дождж, таму астатнія кругі нікому лёгкага жыцця не абяцалі.

Так і атрымалася: Лакатэлі абагнаў Гарднэра на восьмым кругу, але на наступным аўстраліец вярнуў сабе трэцюю пазіцыю, а Баўціста яшчэ кругам пазней ў сваю чаргу вярнуў сабе лідарства ў гонцы. Траса тым часам намакала ўсё больш, і перавага з’явілася ў гоншчыкаў на Yamaha YZF R1, у прыватнасці, у Гарднэра, які неўзабаве ў апошняй шыкане сам вырваўся ў лідары. А потым самога Рэмі агрэсіўным манеўрам у восьмым павароце апярэдзіў Лакатэлі!

Андрэа на першай пазіцыі пабыў да пачатку шаснаццатага круга, калі яго нарэшце падлавіў на памылцы Баўціста, які раней апярэдзіў Гарднэра, а затым гонку ўзначаліў ужо Разгатліоглу, абагнаўшы і Рэмі, і Альвара ў шыкане Geert Timmer. Напружванне захоўвалася і на астатніх чатырох кругах, бо Баўціста ўвесь час вісеў на хвасце ў Топрака, які, аднак, утрымаўся на першай пазіцыі да самага фінішу і выйграў заезд з перавагай над Баўцістай, які фінішаваў другім усяго ў 0,625 секунды. Гарднэр заняў трэцяе месца, саступіўшы пераможцу нямногім больш за секунду.

У турнірнай жа табліцы па выніках этапу ў Асэне ўтварылася нават троеўладдзе. Са 123-ма ачкамі лідзіруе цяпер Баўціста, але Разгатліоглу саступае яму ўсяго шэсць балаў. Недалёка ад іх і Булега, які перамясціўся на трэцюю пазіцыю, у яго 109 ачкоў. Ducati мае 162 ачкі і лідзіруе сярод вытворцаў, BMW на другой пазіцыі са 126-цю баламі, Kawasaki замыкае першую тройку, маючы 94 ачкі, але гэта ўсяго на два болей, чым у Ямахі.

Нават шкада, што чакаць новых такіх жа файных гонак нам прыдзецца даволі доўга, да 14-16 чэрвеня, калі ў італьянскім Мізана пройдзе наступны этап сусветнага Супербайка. Будзем спадзявацца, што і іншыя серыі парадаюць нас нечым прыгожым, пра што паведаміць у тым ліку Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты