Tribuna/Экзатычныя вiды/Блогі/Пинта-Шминта/Новы турнір ад рэжыму – гразевыя гонкі на трактарах: з душам-лужынамі і рэперам-лукашыстам, які не пацягнуў свой галоўны хіт

Новы турнір ад рэжыму – гразевыя гонкі на трактарах: з душам-лужынамі і рэперам-лукашыстам, які не пацягнуў свой галоўны хіт

Чорны бумер ужо не той.

Аўтар — KentYara98
17 кастрычніка, 04:23
Новы турнір ад рэжыму – гразевыя гонкі на трактарах: з душам-лужынамі і рэперам-лукашыстам, які не пацягнуў свой галоўны хіт

Пакуль кіраўнік каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч адмаўляецца ад міжнародных стартаў на ўмовах нейтральнасці (хаця не сказаць, што туды нехта надта настойліва кліча прадстаўніка рэжыма-суагрэсара), у Беларусі ладзяць свае гонкі. Што праўда, не на машынах, а на трактарах.

«ТрактарШоу» прайшло пад эгідай Мінскага трактарнага заводу, выканкаму рэжыму Лукашэнкі па Мінскай вобласці і адміністрацыі кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» 14 кастрычніка. Менавіта ў гэты дзень 70 год таму з канвеера МТЗ сышоў першы серыйны трактар поўнасцю беларускай вытворчасці.

Усяго ў незвычайных гонках прынялі ўдзел 16 «пілотаў»: па два ад кожнай вобласці, а таксама прадстаўнікі спецыялізаваных ВНУ (з горацкай БДСГА і мінскага БДАТУ). Удзельнічала ў заездзе і каманда МТЗ, але па-за конкурсам.

Яшчэ да пачатку мерапрыемства арганізатары адзначалі, што падрыхтоўка трасы заняла два месяцы, бо першапачаткова на гэтым месцы была проста цаліна. У выніку атрымалася ​​паласа перашкод, дзе ёсць крутыя ўздымы, вада, гразь. Праязджаючы па такой трасе, трактары быццам прымалі душ з лужын.

Прызы былі нетыпова шчодрымі (цікава, хто іх аплаціў): тройка пераможцаў атрымала па трактары BELARUS для свайго рэгіёну/установы. Шчасліўчыкамі сталі каманды Віцебскай і Мінскай абласцей, а таксама экіпаж «Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі».

Акрамя гонак у праграме «ТрактарШоу» было катанне на флагманскіх мадэлях трактароў, сілавое шоу і выстава сучаснай і рэтра-тэхнікі.

Франтмэнам забаўляльная часткі выступаў асабісты фанат Лукашэнкі і аўтар гімну брэсцкага «Дынама» Сяргей Пархоменка, больш вядомы пад псеўданімам Сярога. Музыка паспрабаваў выканаць свой галоўны хіт пра чорны бумер, але чамусьці 47-гадоваму мужчыне, які захапляецца фітнесам, гэта давалася вельмі няпроста.

Арганізатары адзначаюць, што ў планах на наступны год зладзіць поўнамаштабныя спаборніцтвы на спецыяльна падрыхтаваных і абсталяваных неабходнай сістэмай бяспекі машынах, а не на серыйных марках.

Іншыя пасты блога

Усе пасты