Tribuna/Тэніс/Блогі/Теннис. Спорт. Лайф/Тэнісны Штутгарт: хто каралева «покерфэйса» і чый трэнер кансультаваў Зендаю

Тэнісны Штутгарт: хто каралева «покерфэйса» і чый трэнер кансультаваў Зендаю

Закуліссе топ-турніра.

Аўтар — traveler
22 красавіка, 09:04
Тэнісны Штутгарт: хто каралева «покерфэйса» і чый трэнер кансультаваў Зендаю

Кожны дзень грунтовога турніра ў Штутгарце яго арганізатары выдаюць карпаратыўны часопіс. Кожную раніцу “Daily News” змяшчае на вокладку топавую тэнісістку, а распаўсюджваюць выданне ў прэс-цэнтры і на стэндах у фан-зоне.

Летась журналісты заўважылі правіла: тэнісістка “з вокладкі” прайгравала ўжо ў першым крузе. Сёлета тэндэнцыя набыла адваротны эфект: тыя, хто „пачынаў“ з вокладкі, свае стартавыя дуэлі выйгравалі. У дзень чвэрцьфіналу паміж Эмай Радукану і Ігай Свёнтэк у прэс-цэнтры адчувалася лёгкае напружанне – на вокладцы была брытанка.

***

Арына Сабаленка сышла з дыстанцыі ў чвэрцьфінале, саступіўшы ў трох сэтах Маркеце Вандроўшавай з Чэхіі. Чэшка пасля леташняй перамогі на Уімблдоне нарэшце замацавалася ў топ-10.

Яшчэ на трэнінгах можна было заўважыць, што Арына крыху не свая – бракавала настрою «амазонкі», а часамі і дакладнасці ўдараў.

Для Сабаленкі і Вандроўшавай гэта была першая сустрэча на грунце. Папярэднія чатыры на хардзе засталіся за беларускай. Сваю адзіную дагэтуль перамогу над Арынай чэшка здабыла на траве. Аднак Вандроўшава не лічыць, што хард ёй не пасуе: у размове з журналістамі яна не рызыкуе вызначацца з нелюбімым пакрыццём. На сезон у чэшкі вялікія планы. На Алімпіядзе ў Парыжы яна згуляе мінімум у двух разрадах – праўда, яшчэ не ведае, з кім стане ў пару. Рашэнне прымуць сумесна з Федэрацыяй тэніса.

Падчас пераможнага для сябе Уімблдона яна заключыла з трэнерам пары: маўляў, калі выйграю, ты зробіш сабе тату. Той пагадзіўся і... Маркета ўзяла травяны Шлем! У Штутгарце на пытанне, ці паабяцаў ёй хтосьці з каманды тату, калі яна выйграе турнір, чэшка смяецца: ідэю з камандай сапраўды абмяркоўвалі, але вырашылі не загадваць. Шмат хто ў тэнісе верыць у забабоны, таму з прароцтвамі асцярожныя.

У паўфінале чэшка змагалася з сенсацыяй турніру – украінкай Мартай Касцюк, якая ў пачатку сезона выйшла ў свой першы чвэрцьфінал мэйджора. Тады яе ў трох сэтах спыніла Коко Гоф. У Штутгарце яны мусілі сустрэцца зноў.

Марта – другая ракетка Украіны і ў Штутгарце дагэтуль яна гуляла толькі аднойчы. У 2018-м у свае 17 гадоў яна выйшла з кваліфікацыі, але не прайшла першы круг. Сёлета ў аснову турніра яна патрапіла наўпрост па рэйтынгу і ў першым коле адолела Лаўру Зігемунд. На прэс-канферэнцыі ўкраінка адзначала, што Штутгарт адно з самых любімых для яе спаборніцтваў пасля Рыма “са смачнай ежай” і “разняволенага” Індыян-Уэлса. Украінка прызналася, што ў Германіі яна часта гуляла юніоркай, а часцей за ўсё бывае ў Гамбургу, дзе жыве яе сястра Юлія. Яшчэ Марта пахваліла нямецкія аўтамабілі – “найлепшыя ў свеце”: сама Марта мае "Порш", а яе мама “ўсё жыццё ездзіла на Фольксвагене”.

Рэванш за Аўстралію Марта Касцюк у амерыканкі ўсё ж узяла – абарона Гоф трымалася тры напружаныя сэты, але не выстаяла. “Дзяўчынка-вундэркінд”, як калісьці называлі чарнаскурую Коко, летась феерыла на хатняй серыі турніраў, аднак сёлета да фіналаў WTA-500 яшчэ не дабіралася.

Відавочна, гэты сезон запомніцца Марце Касцюк надоўга. У Штутгарце яна выйшла ў фінал, паслядоўна выбіўшы з сеткі траіх тэнісістак топ-10: фіналістку сёлетняй Аўтраліі Чжэн Ціньвэнь з Кітая, трэцюю ракетку свету і пераможцу US Open Коко Гоф, а таксама чэмпіёнку Уімблдона Маркету Вандроўшаву. У фінале яна выходзіла на чацвёртую ракетку свету Алену Рыбакіну...

***

Матч Радукану і Свёнтэк абяцаў шмат цікавага. Не проста спаборніцтва маладых тэнісістак, але і бітва спонсарскіх кантрактаў. Брытанка, нягледзячы на ўсяго адзін выйграны тытул – свой першы Шлем, – не саступае ў рэкламнай раскрутцы першай ракетцы. Да слова, аўтамабільны спонсар "Поршэ" якраз брытанку абраў паслом сваёй маркі, а Ізе Свёнтэк засталася куды больш сціплая роля – “сябра маркі” ў Польшчы.

Эма Радукану ў першым крузе перамагла сваю “калегу” Ангелік Кербер з лікам 6:2, 6:1. Рэч у тым, што 36-гадовая немка, якая толькі вярнулася ў тур пасля нараджэння дзіцяці, таксама з’яўляецца рэкламным тварам аўтаканцэрну "Поршэ". Пасля матчу Эма расказала, што нарэшце адчувае сябе гатовай да вялікіх перамог. Ёй падабаюцца слайсы і сама гліна, вось толькі на такіх кортах яна амаль не трэнуецца: «З дзяўчатамі па зборнай ходзім часам па выхадных трэнавацца на грунтавыя корты”.

У размовах з прэсай Эмма аналізуе гульню суперніц, разбіраючы па дэталях іх моцныя і слабыя бакі, быццам пераказвае перадматчавы коўчынг з трэнерам. Дарэчы, пра свайго новага (чарговага) настаўніка Ніка Каўэдэя Радукану сказала наступнае: “Я адчуваю, што ён той, каму я магу давяраць. Мы ведалі адно аднаго яшчэ да таго, як да мяне прыйшла вядомасць. Цаню яго экспертную думку”. Пакуль невядома, наколькі даўгавечнай будзе супраца: сёння брытанку трэніруе шосты афіцыйны трэнер пасля яе прарыву на US Open.

Іга Свёнтэк мяняла трэнера пакуль толькі аднойчы. Пасля першых гучных перамог з Пятром Сержпутоўскім яна запрасіла ў каманду былога коўча Агнешкі Радваньскай – Томаша Віктароўскага. Але сёлета ў Штутгарце яго не было. Віктароўскі ўзяў невялікі водпуск, кансультуючы спартсменку дыстанцыйна. У першым раўндзе на вынік гэта не паўплывала. Больш за тое – польскіх сцягоў на трыбунах так шмат, што, заплюшчыўшы вочы, можна адразу здагадацца, выйграла Іга чарговы мяч ці не – так актыўна падтрымлівалі яе прыхільнікі. Адметна, што нават часопіс Daily News з Ігай на вокладцы быў разабраны ўжо ў дзень выхаду. Папярэднія ж нумары з Бадосай, Радукану, Ціньвэнь і Гоф на інфастэндах яшчэ заставаліся.

Свёнтэк адначыла, што ўдасканальвае падачу і вельмі радая, што пры добрых абставінах падае пад 178 км у гадзіну. Яшчэ Іга расказала, што не баіцца ролі “дамінуючай лідаркі” і імкнецца не думаць пра высокія чаканні аматараў. Асобна яна адзначыла суперніцтва з Арынай Сабаленка – яно змушае працаваць яшчэ больш.

...Першы сэт з Радукану скончыўся для Ігі тай-брэйкам. Гэтым разам трыбуны заўзята падтрымлівалі кожны мяч брытанкі, але на тай-брэйку яна саступіла. У другім сэце ў ключавых момантах больш дакладнай была Свёнтэк. Такім чынам прадказанне турнірнага часопіса не спраўдзілася.

***

Коко Гоф расказала, што яе трэнер Брэд Гілберт кансультаваў актрысу Зендаю ў новым фільме пра тэніс “Challengers”, які хутка выйдзе ў шырокі пракат. Днямі актрыса згадала ў інтэрв’ю, што хацела б сустрэцца з Коко асабіста.

Сама Гоф на падзею адрэагавала станоўча: “Я чула, як актыўна яна трэнавалася для фільму. Брэд казаў, што яна руплівая і працавітая і зрабіла ўсё магчымае, каб сыграць ролю тэнісісткі максімальна праўдабадобна. А яшчэ яна вельмі мілая: нават даслала мне кветкі, мой адрас ёй падказаў Гілберт. Я ўвогуле люблю ўсе фэшн-вобразы ў гэтым фільме. У рэальнасці мы не насілі б такое, але гэта вельмі модна і выглядае шыкоўна. Брэд сказаў, што гэты фільм для яго як 60-гадовага мужчыны, дзе ёсць каханне на траіх, крыху занадта. А мне падабаюцца ўсе гэтыя любоўныя трохвугольнікі. Люблю драму (смяецца). Абавязкова пагляджу фільм, калі ён з’явіцца ў кінатэатрах”.

Амерыканка дадала, што сочыць за модай і летась нават зайшла ў адзін з молаў Берліна, калі гуляла там турнір, каб паглядзець, як апранаюцца дзяўчаты. “Я заўважыла, што тут папулярна падводзіць вочы ў стылі готыкі і эма. Летась я ўпершыню была ў гандлёвым цэнтры ў Берліне і пабачыла, як апранаюцца дзяўчаты. Вельмі крута, люблю такую эстэтыку.”

А яшчэ Коко раскрыла, што любіць баскетбол і нават адмыслова заводзіць будзільнік, каб не прапусціць гульні амерыканскай баскетбольнай лігай. Калісьці яна сама стаяла перад выбарам – займацца тэнісам або баскетболам.

***

Расіянка Алена Рыбакіна, якая ў 2018-м перайшла пад сцяг Казахстана, апошнія гады прапісалася ў тэніснай эліце. Карпаратыўны часопіс турніра ў Штутгарце называе Рыбакіну “гульцом з покерфейсам”: “Калі гаворка ідзе пра тое, як захаваць здаровы розум у шалёных момантах, тут Рыбакіна – каралева шахматнай дошкі. (...) Яна не хоча паказваць суперніцам, калі засмучаная і калі злуецца”.

Сама Рыбакіна адзначае, што яе асноўная задача на корце “рухаць суперніцу з кута ў кут”. Са Свёнтэк такая тактыка спрацоўвае. Атрымалася і ў Штутгарце. Іга Свёнтэк, двухразовая чэмпіёнка Штутгарта, пацярпела паразу, павялічыўшы статыстыку ў супрацьстаяннях з Рыбакінай 3:5 на карысць прадстаўніцы Казахстана.

Для Рыбакінай перамога над Свёнтэк праклала дарогу ў пяты фінал сезона, што стала своеасаблівым рэкордам. Апошні раз такі паспяховы старт выдавала Вікторыя Азаранка ў 2012-м. У Штутгарце Рыбакіна “закрыла” не толькі першую ракетку свету, але і расіянку Паліну Кудэрметаву, а таксама Жасмін Пааліні з Італіі.

Італьянка Пааліні згуляла ў Штутгарце ў двух разрадах, прычым дзіночка атрымалася больш паспяховай – чвэрцьфінал. “Калі выбіраць паміж парай і адзіночкай, я дакладна абяру адзіночку. Не буду казаць, што аднолькава люблю гуляць у абодвух разрадах. Але пара вельмі дапамагае пракачаць падачу і волей”. На Алімпіядзе Пааліні плануе стаць у пару з Сарай Эрані, адной з тытулаваных парніц апошняга дзесяцігоддзя. Разам яны ўжо заявіліся на турніры ў Мадрыд, Рым і Ралан-Гарос.

Турнір у Штутгарце прадставіў і іншыя новыя камбінацыі парніц. Лаўра Зігемунд, якая летась узяла ў пары з расіянкай Верай Званаровай Выніковы турнір WTA, сёлета гуляе з Барборай Крэйчыкавай. Cупраца са Званаровай была перарваная па ініцыятыве расіянкі, якая абазначыла, што не зможа абяцаць гуляць турніры на працягу ўсяго года і ў бліжэйшыя гады плануе заканчваць з прафесійнай кар’ерай. Зігемунд навіна засмуціла: у Званаровай яна бачыла адну з ідэальных партнёрак для сябе, а вынікі іх дуэта казалі сябе. Паказальна, што сама Званарова ў Штутгарце таксама гуляла. У адзіночцы яна спрабавала адолець кваліфікацыю, а ў пары змагалася на баку суайчынніцы Анастасіі Патапавай.

З сямі расіянак, якія сёлета гулялі ў Штутгарце пару, толькі Вераніка Кудэрметава змагла дайсці да фінала. У Штутгарт яна прыехала адразу пасля Чарльстана, гуляючы два турніры запар. «Чарльзстан і Штутгарт, напэўна, два найлепшыя турніры па арганізацыі, якія гуляеш з задавальненнем, таму заявіцца на два турніры запар не было праблемай. А яшчэ я хацела набраць форму».

У парах Кудэрметава мае багаты вопыт. Два гады таму разам з бельгійкай Эліз Мертэнс яна ўзяла Выніковы турнір WTA, а летась разам з бразільянкай Хадзід-Мая перамагла на Малым выніковым турніры ў Чжухаі. «Сёлета Беатрыс загадзя дамовілася з іншай партнёркай, а з Мертэнс мы не сталі працягваць сумеснае выступленне па маёй ініцыятыве. Вынікі былі добрыя, а я адчувала такі камунікацыйны дысканэнт з яе боку, мне было цяжкавата камунікаваць».

У Штутгарце расіянка прабілася ў фінал з прадстаўніцай Тайваня Чань Хасачын. Пра шансы на Алімпіяду Кудэрметава разважае стрымана. Калі тэнісістаў з Расіі ўсё ж дапусцяць ад Гульняў, то яна хацела б сыграць у трох разрадах – адзіночцы, пары і міксце. Аднак нават такі расклад яшчэ не гарантаваны: Кудэрметава ўваходзіць у топ-20 сусветнага рэйтынгу, але ў Расіі яна толькі чацвёртая ракетка і пакуль невядома, ці хопіць яе рэйтынгу для Алімпіяды, дзе квота на краіну – па тры найлепшыя тэнісісткі ў рэйтынгу.

Рыбакіна на Алімпійскіх гульнях у Парыжы будзе прадстаўляць Казахстан. Яе прыярытэт – адзіночны разрад. Відавочна, Рыбакіна будзе адной з прэтэндэнтак на золата. У фінале Штутгарта яна перайграла Касцюк (6:2, 6:2), здабыўшы трэці тытул ў сезоне. А яшчэ яна прызналася, што пакуль не мае пасведчання кіроўцы. Яна брала некалькі ўрокаў у інстуктара, але не больш.

“Выйграны "Поршэ" – гэта пункцік, што зацягваць са здачай на пасведчанне кіроўцы больш нельга”, – усміхаецца Рыбакіна.

Разам з ёй у прэс-цэнтры ўсміхаюцца і журналісты. Тэнісістка з “покерфэйсам” і “каралева шахматнай дошкі” – па-за кортам такі ж звычайны чалавек, як і ўсе.

Фота з сайта турніру і адкрытых крыніц