Tribuna/Футбол/Блогі/Першая краіна, якая адмовілася ад ВАР! Пытанне вырашылі заўзятары

Першая краіна, якая адмовілася ад ВАР! Пытанне вырашылі заўзятары

Шведы не спяшаюцца ў тэхналагічную будучыню.

Аўтар — Jaŭhen Paŭlavič
28 красавіка, 03:44
Першая краіна, якая адмовілася ад ВАР! Пытанне вырашылі заўзятары

Пакуль у АПЛ і Ла Лізе ідуць вялікія спрэчкі пасля неадназначных рашэнняў пры дапамозе сістэмы відэапаўтораў, у Швецыі ўжо ўсё вырашылі. Шведская ліга першай у Еўропе аб'явіла пра намер не выкарыстоўваць сістэму ВАР у сваіх матчах.

Кіраўнік Шведскай футбольнай асацыяцыі Фрэдрык Рэйнфельт у кожным інтэрв'ю настойваў на тым, што ВАР павінен выкарыстоўвацца ў мясцовай ліге. Ён апісваў укараненне сістэмы як «тэхналогію будучыні».

Пасля падобных заяў заўзятары пачалі крытыкаваць прэзідэнта федэрацыі. Фанаты вывешвалі на матчах банеры з заклікамі да яго адстаўкі, а стакгольмскі клуб «Хамарбю» на сваім штогадовым сходзе прыняў рэзалюцыю працаваць над адхіленнем Рэйнфельта ад пасады. Фанаты «Хамарбю» славяцца сваімі выбрыкамі, яны заўсёды пратэстуюць: супраць паліцыі, супраць краіны, супраць чыноўнікаў з УЕФА і гэтак далей.

Сістэма не змагла пазбавіць судзейства ад чалавечых памылак, на што спадзяваліся чыноўнікі. Кіраўніцтва асацыяцыі ўсімі сіламі спрабавала пераканаць клубы ў неабходнасці выкарыстоўваць сістэму відэапаўтораў, але аргументы былі непераканаўчымі. Фанаты тур за турам назіралі, як у чэмпіянаце прымаюцца неадназначныя рашэнні. Яны наогул заявілі, што гэтая сістэма забівае футбол. Паляпшэння не адбылося, а таму час узнімаць пытанне пра адмову ад папулярнай тэхналогіі.

У чацвер футбольная асацыяцыя Швецыі адмовілася ад гэтай ідэі пасля таго, як прадстаўнікі большасці клубаў лігі прагаласавалі супраць VAR.

«Калі я правільна палічыў, у нас ёсць 18 элітных клубаў і дзве акругі, якія заявілі, што не хочуць уводзіць VAR, – сказаў Рэйнфельт выданню Sportbladet. – Мы паважаем гэта. Вось чаму мы не вылучалі ніякай прапановы па VAR на папярэдняй сустрэчы рады прадстаўнікоў і не плануем гэта рабіць у будучыні. Я выступаю за павагу да дэмакратычных правілаў гульні».

Рэйнфельт таксама пацвердзіў, што УЕФА не прымусіць Швецыю ўводзіць ВАР. Гэтае рашэнне з'яўляецца вялікай перамогай для шведскіх футбольных фанатаў і дэманструе ўплыў і сілу, якую яны могуць мець.

У Беларусі да ўкаранення сістэмы відэапаўтораў пакуль не дабраліся, але такія планы існуюць (прынамсі, суддзі ўжо распачалі навучанне).

Фота: Goal

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты