Tribuna/Футбол/Блогі/Белінгем vs Мусіяла – галоўнае супрацьстаянне паўфіналу ЛЧ. А вы ведалі, што яны сябры дзяцінства?

Белінгем vs Мусіяла – галоўнае супрацьстаянне паўфіналу ЛЧ. А вы ведалі, што яны сябры дзяцінства?

Першы матч завяршыўся 2:2, але застаўся за Джамалам.

1 траўня, 16:24
Белінгем vs Мусіяла – галоўнае супрацьстаянне паўфіналу ЛЧ. А вы ведалі, што яны сябры дзяцінства?

Футбол ведае шмат гісторый, калі сябры мусяць гуляць адзін супраць аднаго. Джуд Белінгем і Джамал Мусіяла добра ведаюць як гэта. «Баварыя» гуляе з «Рэалам» у паўфінале прэстыжнага еўрапейскага турніру. Сябры на 90 хвілін павінны стаць супернікамі і паказаць свой максімум, каб прайсці ў фінал.

Абодва футбалісты нарадзіліся ў 2003 годзе. Яны прайшлі разам амаль усе моладзевыя зборныя Англіі: U15, U17, U21. Мусіяла жыў у Англіі з сямі гадоў. Ён адразу пайшоў даказваць свой прафесіяналізм у такія клубы, як «Саўтгэмптан» і «Чэлсі». Белінгем – выхадзец з Бірмінгема. Абодва запальвалі на моладзевым узроўні. Адразу было бачна, што хлапцоў чакае вялікая будучыня.

У размове з выданнем Goal былы трэнер моладзевай зборнай Англіі Кевін Бэтсі сказаў пра гэтых двух: «У Джамала і Джуда сапраўды ўнікальныя здольнасці; яны вельмі канкурэнтаздольныя. Усё, што яны робяць, яны робяць з мэтай перамогі і ўдасканалення, але таксама з вялікай сціпласцю. Яны паважаюць адно аднаго і ўсіх вакол сябе».

«Яны таксама вельмі бескарыслівыя. Гэта прыцягвае іншых людзей, яны падабаюцца ўсім», – дадае Бэтсі. – Яны проста выдатныя хлопцы, хлопчыкі. Бацькі абодвух футбалістаў могуць ганарыцца сынамі».

Іх тандэм у зборнай Англіі доўжыўся не вельмі доўга. Мусіяла вырашыў вярнуцца на гістарычную Радзіму. Ён з'явіўся на свет у Бадэн-Вюртэмбергу ў сям'і немкі і бацькі-нігерыйца. Джамал перайшоў у мюнхенскую «Баварыю» ва ўзросце 16 гадоў. «Я ўсё яшчэ люблю Англію, там мае хлопцы, як Джуд», – распавёў Мусіяла ў эфіры BBC.

Джуд усё ж дагнаў Джамала і ў Бундэслізе. Белінгем пачаў гуляць за дортмундскую «Барусію». І менавіта выступленні за гэты клуб дазволілі ўсяму свету даведацца пра такога Джуда, якім ён сёння ёсць. Калі адзін гуляе за «Баварыю», а іншы за «Барусію», падтрымліваць сяброўскія стасункі цяжка, але яны змаглі. Гульцы сустракаліся ў дэр-класікеры шэсць разоў. Пяць разоў Мусіяла святкаваў перамогу.

У 2022 годзе зборныя Англіі і Германіі гулялі ў Лізе Нацый УЕФА. Але з таго часу шмат што змянілася. Над Мусіяла павіс магчымы трансфер, а Джуд выйшаў на галоўную ролю ў «Рэале». У камандзе Анчалоці Белінгем - зорка вялікага маштабу.

Таксама сябры спрачаюцца па-за полем за прэстыжныя ўзнагароды. Яны прэтэндуюць на званне найлепшага футбаліста Еўропы ва ўзросце да 21 года (Golden Boy), якога вызначае выданне Tuttosport. Акрамя таго, абодва спаборнічаюць за трафей Копа, які ўручае France Football таксама найлепшаму футбалісту да 21 года.

Яшчэ Джуда называюць галоўным прэтэндэнтам на атрыманне «Залатога Мяча». Джамалу да такога прызнання пакуль яшчэ далёка, але ён марыць дамагчыся гэтага ў складзе менавіта нямецкага клуба. Аднак апошнія навіны, якія паступаюць з Нямеччыны, не такія аптымістычныя. Джамал не супраць пакінуць Мюнхен і паспрабаваць сілы ў новым чэмпіянаце. Чакаем аб'яднання з Джудам у «Галактыкас»?

Футбалісты абмяняліся прыемнымі словамі перад матчам ЛЧ. «Я ўсё ж хацеў павіншаваць вас з вашымі дасягненнямі. Цалкам заслужана, - напісаў сябру Мусіяла. - Мы абодва памятаем, што нядаўна былі суседзямі па пакоі ў Англіі. Цяпер ты гуляеш за «Рэал», а я гуляю за «Баварыю» - гэта вар'яцтва, калі ты пра гэта думаеш. Спадзяюся, мы ўбачымся ў фантастычным вячэрнім Мюнхене». Расказваючы пра гэта паведамленне, Белінгем сказаў: «Ён выдатны хлопец, і гэта вельмі характэрна з яго боку - адправіць паведамленне і пажадаць мне ўсяго найлепшага. Ён ведае, як моцна я яго люблю і як моцна яго паважаю».

Белінгем не адгуляў поўны матч у Мюнхене. Мусіяла паказаў сябе сапраўдным героем на «Альянцы Арэне».

Але наперадзе яшчэ адна сустрэча сяброў.

Фота: Marca

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты