Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Калі Расія байкатуе АГ, а беларусы паедуць, падпісаўшы антываенную дэкларацыю – будзе цікавы палітычны момант»

10 жніўня, 16:03

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін пракаментаваў магчымы допуск беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў з умовай падпісання антываеннай дэкларацыі.

– Як вы мяркуеце, ці ўлады Беларусі дазволяць падпісваць антываенную дэкларацыю сваім спартоўцам?

– Гэта вельмі цікавы момант. У Расіі за такое, за антываенныя дэкларацыі, зараз наступае крымінальная адказнасць. Таму расіянам давядзецца рабіць выбар: альбо з'язджаць з краіны і ўдзельнічаць у Алімпіядзе, альбо рабіць нейкі масавы пратэст. Ці пайсці на байкот Алімпіяды. З цяперашніх падзей выглядае, што яны пойдуць на байкот Алімпійскіх гульняў. Бо ўмовы, якія прапаноўвае міжнародная спартовая супольнасць, руйнуюць цяперашнюю базавую ідэалогію расійскай дзяржавы.

І пачынаецца цікавая гісторыя з беларускімі атлетамі. Лукашэнка сказаў на адной з нарадаў: «Няхай падпісваюць, што трэба, абы ехалі. Няважна, пад якім сцягам, галоўнае – каб сцяг быў у сэрцы». Напрыклад, спартоўцы з Федэрацыя цяжкай атлетыкі Беларусі ўжо падпісалі антываенную дэкларацыю.

І ўзнікае супярэчлівая палітычная сітуацыя. Беларусь з Расіяй нападпісвалі гэтулькі інтэграцыйных дакументаў, маюць так званую «Саюзную дзяржаву». Так што калі Расія пойдзе на байкот, а Беларусь не пойдзе, і беларускія атлеты паедуць на Алімпіяду, падпісаўшы антываенную дэкларацыю, – гэта будзе вельмі цікавы палітычны момант. Нейкая дзіўная «саюзная дзяржава» атрымліваецца, – сказаў Апейкін.