Усе навіны

У сузаснавальніка SOS BY Гнёта пагоршылася здароўе ў сербскай турме («Позiрк»)

18 красавіка, 17:56

У сузаснавальніка Свабоднага аб'яднаньня спартоўцаў (SOS BY) Андрэя Гнёта, які быў затрыманы ў 2023 годзе ў Сербіі на запыт беларускага рэжыму, пагоршылася здароўе ў бялградскай турме. Пра гэта паведамляе «Позiрк» са спасылкай на НАУ.

Як паведаміла прэс-сакратар НАУ Юлія Гарачая, у лісце структуры да працоўнай групы дэпутатаў Еўрапарламента паведамляецца аб тым, што ў зняволенні ў Гнета «адмовіла нага», пра што ён распавёў свайму сябру па тэлефоне. Пры гэтым ніякіх траўмаў Гнёт не атрымліваў.

Сам Гнёт таксама пісьмова накіраваў у суд зварот з просьбай звярнуць увагу на ўмовы ўтрымання і адсутнасць медыцынскай дапамогі.

Ліст НАУ еўрадэпутатам быў дасланы 15 красавіка.

Гнёт утрымліваецца ў турме Бялграда з 30 кастрычніка 2023 года. Ён быў затрыманы пасля прылёту ў сталіцу Сербіі ў аэрапорце з-за таго, што беларускі рэжым унёс у базу Інтэрпола ордэр на Гнёта па абвінавачанні ў нібыта ўхіленні ад выплаты падаткаў. Падобныя абвінавачванні неаднаразова станавіліся фармальнай нагодай для памяшчэння за краты да «суда» беларускіх палітвязняў.

19 лютага Апеляцыйны суд Сербіі разгледзеў справу аб экстрадыцыі Гнёта. Працэс скончаны, суд мусіць прыняць рашэнне на працягу 20-30 дзён.

Абарона Гнёта лічыць яго пераслед палітычна матываваным. 3 лістапада 2023 года юрыстам затрыманага быў пададзены запыт на выдаленне даных, якія тычацца Гнёта, у Камісію па кантролі файлаў Інтэрпола, а 20 снежня 2023 года быў накіраваны запыт па прыняцці часовых мер у Еўрапейскі суд па правах чалавека з просьбай указаць ураду Сербіі не экстрадаваць Гнёта ў Беларусь.

Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр, палітычны актывіст. Ягоная дзейнасць у SOS BY не афішавалася публічна, аднак у чэрвені 2021-га Гнёт атрымаў сігнал, што беларускаму рэжыму вядома пра яе і іншую пратэстную актыўнасць, пасля чаго пакінуў Беларусь. З-за таго, што SOS BY абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем», Гнёту ў Беларусі за сам факт стварэння абʼяднання пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.