Tribuna/Іншыя/Блогі/Заснаваны беларусам праект наняў напарнiка Шумахера – памятаеце падобныя калабы з Марадонам, Раналду, Буфонам i iншымi зоркамi?

Заснаваны беларусам праект наняў напарнiка Шумахера – памятаеце падобныя калабы з Марадонам, Раналду, Буфонам i iншымi зоркамi?

Не абышлося без фэйкаў.

Аўтар — Pam-pam
24 красавіка, 06:00
Заснаваны беларусам праект наняў напарнiка Шумахера – памятаеце падобныя калабы з Марадонам, Раналду, Буфонам i iншымi зоркамi?

22 красавіка праект Softswiss абвясцiў пра пачатак супрацоўнiцтва з былым пiлотам «Формулы-1». Бразiлец Рубенс Барыкела стаў незалежным дырэктарам кампанii ў Лацiнскай Амерыцы. Softswiss займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння для анлайн-казiно i букмекераў – так што ў задачы Барыкелы будзе ўваходзiць павышэнне ўзроўню вядомасцi гэтай iндустрыi ў сваiм рэгiёне, а таксама кансультацыi па мясцовай бізнес-культуры і камунікацыя з тамтэйшымi партнёрамі.

Але для нас цікавы ў першую чаргу не сам па сабе факт, што напарнік Міхаэля Шумахера на працягу шасці гадоў у «Ферары» цяпер знайшоў новую працу. Softswiss заснаваны ў 2009-м мінчанiнам Іванам Монцікам, які прызнаваўся, што назву абраў толькі дзеля арыентацыі на нямецкамоўных кліентаў. Цяпер з ПА ад Softswiss працуюць больш за 800 розных сайтаў, сумарны памер ставак на якіх кампанія ацэньвае ў больш за 10 мільярдаў еўра ў месяц. Яшчэ ў 2023-м Softswiss, мяркуючы па сваім сайце, захоўвала офіс у Мінску, але сёння актыўнымі пазначаныя толькі прадстаўніцтвы ў Польшчы, Грузіі і Мальце. У канцы мінулага года Монцік выступіў сузаснавальнікам спартыўнага клуба ў Дубаі, дзе працуе трэнерам топавы беларускі баксёр Дзмітрый Асанаў.

А бізнесы з беларускімі каранямі далёка не першы раз прыцягваюць топавых спартсменаў для свайго прасоўвання.

Не так даўно мы расказвалi пра тое, як кампанія Vizor Games зацiкавiла сапраўдных зорак футбола сваiм бясплатным футбольным сімулятарам. Рэкламавалi яго Аляксандр Зінчанка, Рамэлу Лукаку, Раберта Фірміна, Кевін дэ Бруйнэ – i пяціразовы ўладальнік залатога мяча Крышціяну Раналду. Прычым партугалец яшчэ i ўнёс у праект грошы, але дакладная сума не называлася. Гульня пакуль знаходзiцца на этапе закрытага тэставання.

У iншым беларускім праекце засыяцiўся яшчэ адзiн партугалец Луіш Фігу. Былы футбаліст «Барселоны» і «Рэала» стаў амбасадарам букмекерскай кампаніі Betera. Калi ўладальнік «Залатога мяча»-2000 падпісаў двухгадовы кантракт, кампанія выпусціла відэаролік з прывітаннем ад Фiгу. Таксама ў «партфелі» кампаніі супрацоўніцтва з італьянскім «Ювентусам», у рамках якога мае букмекер мае права выкарыстоўваць вобразы гульцоў. У Betera не хаваюць, што адна з мэт такога партнёрства – пераканаць патэнцыйных кліентаў у сваёй надзейнасці.

А вось іншы беларускі букмекер «Макслайн» на такiм шляху не выклiкаў даверу. У сакавіку 2023-га кампанiя заявiла пра супрацоўніцтва з «Манчэстэр Юнайтэд» – але ж клуб хутка абверг інфармацыю i дамогся блакавання пошукавых запытаў, якія звязвалі «МЮ» з «Макслайнам».

На гэтым справа не скончылася. У лістападзе 2023-га у «Макслайне» прадставілi як амбасадара Зiнедзiна Зiдана. Але ў рэлiзе кампанii не было ніякіх падрабязнасцяў супрацы цi адмысловага кантэнту ад легенды французскага футбола. А пасля распаўсюжвання iнфармацыi ў медыя кампанія ўзяла ды выдаліла са сваiх сайта i сацсетак усе згадкi пра «калабарацыю».

А вось iншая сусветная зорка ў межах дамовы з беларускiм бокам нават прыехаў у нашую краiну. Гаворка, канешне, пра Дыега Марадону, якi сiламi «гаманца Лукашэнкi» Аляксандра Зайцава некаторы час прабыў «ганаровым старшынёй» брэсцкага «Дынама». Летам 2018-га Марадона глядзеў на ЧС у Расii – i заадно завiтаў у Брэст. Там ён прыбыў на стадыён на «бранявiку», эмацыйна глядзеў прайграны «Дынама» матч ЧБ з «Шахцёрам» ды абяцаў вярнуцца пасля невялікіх канікул. Але неўзабаве аргенцiнец знайшоў сабе трэнерскую пасаду ў Мексiцы i больш у Беларусі не зʼяўляўся.

А лiдарам па колькасцi прыцягнутых са свету спорту зорак справядлiва назваць кампанію Wargaming. У 2020-м годзе распрацоўшчыкі танкавага экшна World of Tanks супрацоўнічалі з уладальнікам чорных паясоў па тансудо, джыу-джытсу і дзюдо Чакам Норысам. У рэкламным відэа амерыканскі акцёр праводзіў «аперацыю» па выратаванні ката, які залез на ёлку.

У 2018-годзе для прома свайго «Танкавага футбола» Wargaming запрасілі брамніка зборнай Італіі Джанлуіджы Буфона. Кампанія выпусціла некалькі тэматычных відэа з удзелам легенды, а вiртуальную версiю кiпера можна было нават зрабiць камандзiрам экiпажу.

У 2017-м выйшла рэклама з майстрам баявых мастацтваў i акцёрам Дольфам Лундгрэнам. У ёй швед спрабаваў адшукаць «сапраўднае мужчынскае» хобі на кухні і ў начным клубе, але потым знаходзiў «танкі» i спыняўся на iх.

У 2016-м кампанія прывабіла яшчэ аднаго акцёра са спартыўным мінулым. Праект World of Warships прасоўваў майстар айкідо ды па сумяшчальніцтве прадстаўнік МЗС РФ з атрыманым расiйскiм пашпартам Сцiвен Сігал.

А яшчэ была кампанія з World Wrestling Entertainment – вядучым амерыканскiм прамоўшнам папулярных там пастановачных рэслiнг-баёў, якiм некалi валодаў Дональд Трамп. Wargaming выпускаў пяць унікальных танкаў, якiя адпавядалi вобразам зорак рэслінгу. Iмi былi тамтэйшыя зоркi з мянушкамi Трунар, Андрэ Гігант, Сяржант Слотар, Ледзяная Глыба і Бэкі Лінч.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты