Tribuna/Футбол/Блоги/Пинта-Шминта/Шматразовы чэмпiён з БАТЭ рэспектнуў музыкам з «чорнага спісу» рэжыму – нетыповы выбар для футбола

Шматразовы чэмпiён з БАТЭ рэспектнуў музыкам з «чорнага спісу» рэжыму – нетыповы выбар для футбола

Але не першы спартсмен з такiм густам.

Автор — KentYara98
4 лістапада, 19:30
1
Шматразовы чэмпiён з БАТЭ рэспектнуў музыкам з «чорнага спісу» рэжыму – нетыповы выбар для футбола

Беларускі футбаліст Максім Валадзько летам змянiў «Санта-Калому», з якой стаў бронзавым прызёрам чэмпiянату Андоры, на «Фларыяну» з Мальты. 29 кастрычнiка гулец БАТЭ чэмпiёнскiх часоў вызначыўся першым голам за новую каманду – у матчы шостага тура чэмпіянату дапамог нічыёй (1:1) з «Гуджай».

На днях выйшла iнтэрв“ю Валадзько для football.by. У iм адзначалася, што пагутарыць Максiм пагадзiўся перад вечаровым паходам на канцэрт, а частка размовы была прысвечаная музычнаму густу гульца. Ён аддае перавагу року, што даўно вядома. У часы гульні ў тульскім «Арсенале» Валадзько ганяў на расiйскi фестываль «Нашэсце», канцэрты Metallica і БІ-2, а ў мінулым сезоне пабываў на фестывалі Rock im Park у нямецкiм Нюрнбергу, дзе выступалі такія гурты як Him, Limp Bizkit, Evanescence, Three Days Grace, Papa Roach, Nothing but Thieves. Футбалiст кажа, што яму цяжка расказваць пра свае эмоцыi ад такiх мерапрыемстваў, таму што «адчуваннi неперадавальныя».

Такое захапленне нетыповае для футбалicтаў – яны звычайна любяць iншыя стылi. Пра гэта можа шмат расказаць i сам Максiм.

– Звычайна тое, што ставяць у раздзявальнях, не на мой густ. Кірыл Альшэўскі неяк уключыў песню The Final Countdown гурта Europe перад важным матчам – я здзівіўся: «Ого, а так можна было?». Аднойчы ў БАТЭ Саша Карніцкі пацешыў, уключыў «Кароль і блазан», але нам хутка намякнулі паставіць што-небудзь іншае. Горш за ўсё было ў Андоры, дзе ўвесь час была нейкая іспанская танцавальная музыка. Потым прыехаў сюды – блін, і тут такое слухаюць! – падзяліўся Валадзько.

Зараз у футбалiста шырокi доступ да канцэртаў, але ж ён, як прызнаўся, «крыху сумуе па нашых ды рускiх рок-гуртах». Асобна параiў усiм, чый густ супадае з ягоным, футбалiст паслухаць «Пятлю прыхiльнасцi» – вельмi класную беларускую каманду».

Гэты гурт заснаваны яшчэ ў 2004 годзе ў Мiнску, а яго лiдарам ад тых часоў застаецца Iлля Чарапко-Самахвалаў. Дэбютны альбом быў выдадзены толькi ў 2009-м у Маскве, i адзiн з расiйскiх крытыкаў нават назваў яго «найлепшым рускiм» за той год. У далейшым гурт таксама неаднаразова называлi ў лiку найлепшых рускамоўных рокераў увогуле, адзначаючы ўменне «трапна казаць пра боль i пакуты». Але не сказаць, каб «Пятля прыхiльнасцi» стала шырока папулярнай – iх самы вядомы трэк «Груз» (пра тое, што груз змроку наваколля скiдваецца праз алкаголь) набраў з 2016-га 640 тысяч праглядаў на YouTube i пад два мiльёны праслухоўванняў у Spotify.

Вылучаецца гурт актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. У 2020 годзе музыкі падтрымлівалі пратэстны рух у Беларусі і прысвяцілі яму сінгл «Норма». Хлопцы выступалі з канцэртам на мiнскай «Плошчы перамен», а пасля лістападаўскага маршу пратэсту Чарапко-Самахвалаў быў кiнуты за краты на 15 сутак. Нядзiўна, што музыкі даўно ўжо знаходзяцца ў так званым «чорным спісе» выканаўцаў, якія забароненыя ў рэжымнай Беларусi.

2 сакавіка 2022 года Ілля ад імя гурта апублікаваў відэа, у якiм падтрымаў украiнцаў i асудзіў вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украiне з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi. Таксама «Пятля Прыхільнасці» заклікала слухачоў да садзейнічання ў спыненні баявых дзеянняў. Усе канцэрты гурта ў Расіі былі перанесеныя на нявызначаны тэрмін. Пазней быў абвешчаны еўрапейскi тур, частку прыбытку ад якога паабяцалi адправiць на дапамогу Украіне. А сёлета канцэрты гурта прайшлі ў Польшчы, Чэхіі, Літве, Латвіі, Германіі і Арменіі – так што паслухаць гурт, знаходзячыся ў Еўропе, цалкам рэальна.

Таксама ў «Пятлi прыхiльнасцi» адбыўся моўны паварот. З красавiка 2022-га сацсеткi гурта пачалi весцi на беларускай замест рускай, а ў траўнi 2023-га выйшаў першы беларускамоўны трэк гурта «Жыццё як жах» з анонсам цэлага альбому на беларускай.

Адзначым, што Валадзько не першы чалавек з белспорту, якi адзначае «Пятлю». У 2022-м, калi «Трыбуна» папрасiла вольных спартсменаў падзялiцца, якую беларускую музыку яны слухаюць, гурт назвалi два чалавекi. Былы гандаблiст Канстанцiн Якаўлеў расказаў, што для яго «ПП» – гэта «маладосць і захапленне панк-рухам». Кiкбаксёр Iван Ганiн адзначыў, што гурт даўно «скраў сэрца – на сцэне яны неверагодныя, тэксты песень вельмi моцныя».

Другие посты блога

Все посты