Tribuna/Футбол/Блогі/Памёр дызайнер Раберта Кавалі. Ён быў вялікім фанам «Фіярэнціны» і судзіўся з яе кіраўніцтвам

Памёр дызайнер Раберта Кавалі. Ён быў вялікім фанам «Фіярэнціны» і судзіўся з яе кіраўніцтвам

Хацеў нават набыць клуб.

20 красавіка, 13:57
Памёр дызайнер Раберта Кавалі. Ён быў вялікім фанам «Фіярэнціны» і судзіўся з яе кіраўніцтвам

12 красавіка 2024 года перастала біцца сэрца Раберта Кавалі – адной з самых вядомых фігур у індустрыі моды. Сам ён не любіў, калі яго называюць мадэльерам або дызайнерам, а аддаваў перавагу, каб яго называлі «модным мастаком». У Раберта было дзве афіцыйных жонкі, трое жанчын нараджалі яму дзяцей, але на ўсё жыццё ўраджэнец Фларэнцыі захаваў адно каханне – «Фіярэнціну»

Стварыў цэлую фэшн-імперыю, апранаў самых вядомых жанчын свету, а апошняга дзіцяці яму нарадзіла жанчына на 43 гады маладзейшая за яго

Кавалі атрымаў вядомасць у канцы 1960-х, яго творчасцю зацікавіліся браты Эрмес і П'ер Кардэн. Італьянец запатэнтаваў уласны спосаб друку на скуры, а таксама ствараў лапікавыя коўдры. У рэшце рэшт, у яго апраналіся Брыджыт Бардо і Сафі Ларэн, а з часам не знайшлося, мабыць, ні адной сусветнай знакамітасці, якая б не мела сукенкі ад Кавалі: Джэніфер Лопес, Бейонсе, Тэйлар Свіфт, Лэдзі Гага, Шакіра – гэты спіс можна працягваць бясконца. Калі ў пачатку 1970-х усе мадэльеры масава пераехалі ў Мілан, як цэнтр італьянскай моды, Кавалі не змяніў роднаму гораду і застаўся ў Фларэнцыі.

У канцы 1990-х зʼявіўся моладзевы брэнд Just Cavalli, а імперыя буцікаў пашыралася па ўсім свеце. Асаблівасць Раберта – анімалістычны стыль: прынты гепардаў, зебр і леапардаў – гэта ўсё ён. Нягледзячы на тое, што сам мастак зарабляў нядрэнна, але кампанія ўжо ў 2010-х была не ў найлепшым фінансавым стане. У 2015 годзе Кавалі прадаў сваю імперыю за 390 млн еўра фонду Clessidra. У 2019 кампанію выкупіў дубайскі мільярдэр Хусейн Саджвані.

Раберта Кавалі захапляўся развядзеннем коней, меў элітную нерухомасць па ўсім свеце, а таксама двух жонак, якія яму нарадзілі пяцёра дзяцей. У 2014 годзе італьянец закруціў свой апошні раман, выбранніцай стала шведская мадэль Сандра Нільсан. На той момант былой дзяўчыне месяца Playboy было 28 гадоў, а яе бойфрэнду – 73. Кавалі нават падарыў каханай востраў недалёка ад Стакгольма за 2,3 млн еўра. У 2023-м у іх нарадзіўся сын, якога назвалі Джорджыа, у гонар бацькі Кавалі.

Кавалі – вялікі фанат «Фіярэнціны», але некалькі гадоў таму яго судзілі за паклёп на кіраўніцтва «фіялак»

«Кожны тыдзень я рызыкую сардэчным прыступам. Але чаму? Кожную нядзелю я задаю сабе адно і тое ж пытанне: «Чаго я павінен пакутаваць, якога чорта я павінен перажываць з-за «Фіярэнціны»?

Але кожны тыдзень адны і тыя ж эмоцыі. Калі яны прайграюць, я нервуюся на працягу трох дзён. Калі яны выйграюць, мой тыдзень пачынаецца добра, і я, здаецца, адчуваю сябе пазітыўна», – напісаў Кавалі ў сваім блогу.

Італьянец заўсёды сачыў за любімым клубам, але ў 2017-м паўстаў сапраўдны скандал паміж ім і братамі Дэла Валле, якія валодалі «фіялкамі». У 2002-м «Фіярэнціна» з-за банкруцтва Віторыо Чэкі Горы апусцілася ў самы падвал італьянскага футбола. Адзіным з футбалістаў, хто ўзяўся падымаць каманду з нізоў, стаў Анджэла Дзі Лівіа. У той час у каманду прыйшоў Дыега Дэла Валле, саўладальнік абутковай кампаніі Tod's. Ён прайшоў з камандай шлях ад забыцця, з часам тут зноў заззялі зоркі, накшталт Лукі Тоні.

Раберта Кавалі быў у добрых адносінах з ім, але пастаянныя абяцанні ўзмацніць каманду і продажу ключавых футбалістаў моцна бесілі заўзятараў. Узамен сямʼя Дэла Валле абяцала пабудаваць новы стадыён, уладкоўваючы прэзентацыі, але да будаўніцтва справа так і не дайшла.

Урэшце, Кавалі на сваёй старонцы ў Instagram выпаліў цэлую трыяду ў бок уладальнікаў клуба: «Мяне ванітуе ад мінулага, таму што я ведаю пра многія іншыя праблемы, над якімі рэальна працуюць Дэла Валле. Яны думаюць, што ахвяры гэта яны, але яны не могуць зразумець, наколькі моцная ў людзей любоў да каманды. Сямʼя, далёкая ад любога віду спорту і ад жадання перамагаць, якая захоплівае нас марамі пра нейкія міфічныя збудавання, напрыклад, новы стадыён».

Браты Андрэа і Дыега Дэла Валле, а таксама спартыўны дырэктар Панталеа Корвіна вырашылі падаць у суд на Кавалі за паклёп. Атрымаўшы выклік у суд, Раберта напісаў пост у больш мяккай форме і выклаў сумеснае фота з Андрэа Дэла Валле: «Дарагі Андрэа, ты ведаеш, што я заўсёды меў да цябе моцную сімпатыю і павагу. Я ўсё яшчэ адчуваў сябе фанатам, і я не магу забыць усе ахвяры, якія я прыносіў, каб не прапусціць матчы «Фларэнтыны». Любоў і падтрымка – ці вартыя яны асуджэння, я так не думаю, таму што гэта жэсты вялікай любові».

Суд разбіраўся амаль год, але ўсё завяршылася выбачэннямі ад мадэльера, а сам Кавалі зрабіў ахвяраванне 20 тысяч еўра ў фонд Асторы, які апякае дачку былога капітана «фіялак», які памёр у 2018-м: «Я абавязуюся больш не выказваць крытычных меркаванняў адносна кіраўніцтва маёй каханай «Фіярэнціны».

Трэба сказаць, што сям'я Дэла ўсё ж прадала клуб мільярдэру Рока Каміса за 150 млн еўра. Самога Кавалі не раз прасілі набыць «фіёру», але ён адказваў, што не валодае такімі рэсурсамі, а адзіны раз, калі ён хацеў гэта зрабіць і сабраць кансорцыум інвестараў, яму так і не далі.

Фота: robertocavalliblog.com

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты