Tribuna/Футбол/Блогі/Карпіцкі, Капленка і Кудравец пакуль што цягнуць толькі ўзровень Д4 Расіі. Нечаканы лёс зорачак белфутболу

Карпіцкі, Капленка і Кудравец пакуль што цягнуць толькі ўзровень Д4 Расіі. Нечаканы лёс зорачак белфутболу

А за іх жа заплацілі добрыя грошы.

22 красавіка, 15:00
Карпіцкі, Капленка і Кудравец пакуль што цягнуць толькі ўзровень Д4 Расіі. Нечаканы лёс зорачак белфутболу

За апошнія два трансферныя акны ў клубы элітнага дывізіёна Расіі па футболе з'ехалі тры маладых беларусы, якія па ўзросце могуць выступаць за зборную U-21. Спачатку ў ліпені мінулага года ў «Крылы Саветаў» адправіўся 20-гадовы нападнік Ягор Карпіцкі. Затым у жніўні кантракт з маскоўскім «Дынама» падпісаў 20-гадовы брамнік Андрэй Кудравец, які з'яўляецца падпісантам за рэпрэсіі. Ну а ў лютым-2024 у «Арэнбург» перайшоў 18-гадовы Цімафей Мартынаў.

За кожнага расійскія клубы заплацілі адступныя. Па звестках партала Transfermarkt, за Карпіцкага далі 730 тысяч еўра, за Кудраўца – 400 тысяч (па інфармацыі «Трыбуны», на пару дзясяткаў тысяч меней), а за Мартынава – сціплыя 30 тысяч.

На сёння не скажаш, што Расія скарылася беларускім талентам. Карпіцкі пасля трансферу спачатку стабільна зʼяўляўся на полі – узяў удзел ва ўсіх сямі стартавых турах чэмпіянату Расіі і набраў 1+1 па гол+пас. Але з сярэдзіны верасня страціў трэнерскі давер. З таго моманту ў РПЛ правёў тры матчы (сумарна 10 хвілін), а апошняе зʼяўленне на полі датаванае 25 лістапада.

Сваім становішчам у «Крылах» Карпіцкі быў незадаволены і нават хацеў вярнуцца ў чэмпіянат Беларусі, але адгаварыў трэнер «Шахцёра» Станіслаў Сувораў, які параіў старанна працаваць на трэнінгах. Пакуль гэта не дапамагло: пасля зімовай паўзы Карпіцкі ні разу не згуляў за першую каманду «Крылаў», а на апошні матч РПЛ супраць «Балтыкі» (1:2) увогуле не патрапіў у заяўку, што здарылася ўпершыню пасля пераходу. Карпіцкага адправілі за гульнявой практыкай у другую каманду самарцаў, якая выступае ажно ў расійскім Д4. Там ён правёў ужо два матчы, абодва ад званка да званка. У апошнім з ніжнегародскай «Хваляй» (1:1) вызначыўся эфектным не дрэнным голам з карэкцыяй на ўзровень суперніка – забіў пяткай і дапамог камандзе здабыць нічыю:

У той жа Д4 адправілі і Кудраўца. Брамнік так і не дэбютаваў за першую каманду маскоўцаў, нягледзячы на памылкі свайго канкурэнта Ігара Ляшчука.

Галоўны трэнер «Дынама» Марцэл Лічка палічыў за лепшае замяніць касячнага галкіпера ветэранам і выхаванцам клуба Антонам Шуніным, а не маладым беларусам. У выніку Кудравец, які тройчы трапляў у заяўку на матчы РПЛ, адправіўся гуляць за дубль. За другую каманду ён дэбютаваў 21 красавіка ў матчы з рэзервістамі маскоўскага «Спартака» (2:2). У галах асаблівай віны Кудраўца няма, хаця, здаецца, у эпізодзе з другім мячом (адзнака 3:01) шанцы выратаваць каманду былі, але перашкодзіў уласны абаронца (першы гол на 1:33):

Не атрымліваецца ў Расіі на сёння і ў Мартынава. Малады форвард двойчы трапляў у заяўку «Арэнбурга» і нават мусіў дэбютаваць у кубкавым матчы з «Ахматам», але на трэнінгу парваў пярэднюю крыжападобную звязку і выбыў на доўгі тэрмін:

Варта заўважыць, што з недахопам гульнявога часу, а бывае, што і з поўнай яго адсутнасцю сутыкаюцца не толькі маладыя беларусы. Дзяніс Шчарбіцкі, які падпісаўся з «Уралам» мінулым летам, за екацярынбуржцаў пакуль не дэбютаваў з верасня мінулага года глядзіць усе матчы з лаўкі запасных. Яшчэ ніводнага матчу пасля зімовай паўзы ў РПЛ не згуляў Міхаіл Сівакоў, але затое правёў тры сустрэчы ў Кубку Расіі. На мінулых выходных упершыню не згуляў за «Балтыку» Кірыл Капленка, які туды перайшоў зімой за 1,6 млн еўра.

20 красавіка паўабаронца назіраў за перамогай сваёй каманды над «Крыламі» (2:1) з лавы запасных, а на наступны дзень згуляў тайм за дубль супраць рэзервістаў «Енісея» (3:0) у тым самым расійскім Д4.

Трансферы Капленкі, Карпіцкага і Кудраўца ўваходзяць у топ-3 самых дарагіх пераходаў беларускіх футбалістаў за апошнія два трансферныя акны. Але ў расійскіх клубах пакуль лічаць за лепшае выкарыстоўваць іх у чацвёртым па сіле дывізіёне краіны.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты