Tribuna/Футбол/Блогі/Больш за ўсё перамогай «Дортмунда» цешыўся… Карагер! Нажлукціўся з фанамі і п'янючы браў інтэрв'ю ў Санча

Больш за ўсё перамогай «Дортмунда» цешыўся… Карагер! Нажлукціўся з фанамі і п'янючы браў інтэрв'ю ў Санча

«Я купляю абанемент і, магчыма, ужо не вярнуся ў Англію» 😂

2 траўня, 19:55
Больш за ўсё перамогай «Дортмунда» цешыўся… Карагер! Нажлукціўся з фанамі і п'янючы браў інтэрв'ю ў Санча

Дортмундская «Барусія» правяла надзвычай магутны матч супраць «ПСЖ» у першым паўфінале Лігі чэмпіёнаў – заслужана перамагла і ашчаслівіла сваіх палкіх заўзятараў, адным з якіх стаў легенда «Ліверпуля» і цяпер рэпарцёр CBS Sports Джэймі Карагер.

Джэймі не толькі працаваў на матчы разам з Петэрам Шмейхелем, але і цудоўна бавіў час з заўзятарамі «чорна-жоўтых».

Паразмаўляўшы са студыяй напярэдадні матча, англічанін адправіўся на легендарную Паўднёвую трыбуну, атрымаў ад фанатаў шалік з атрыбутыкай дортмундскага клуба, храпнуў некалькі келіхаў піва і спяваў разам з найгарачэйшымі заўзятарамі ў свеце.

Па традыцыі, у студыі за ўсім, што адбываецца, назіралі вядоўца Кейт Абдо, зоркі АПЛ Цьеры Анры і Майка Рычардс, а таксама запрошаны госць Алесандра Дэль П'ера. Больш за тое, не проста назіралі, а літаральна ўвесь час рагаталі з Карагера і яго прыгод на «Вестфаленштадыёне».

«Яшчэ два «Хайнекена» – і ён загаворыць па-нямецку», – казаў Майка Рычардс.

Джэймі пашчасціла адсвяткаваць адзіны гол «Барусіі» (Ніклас Фюлькруг вызначыўся на 36-й хвіліне) якраз на Паўднёвай трыбуне – разам з заўзятарамі ён падпяваў песні «Ole, jetzt kommt der BVB», якая гучыць на дортмундскім стадыёне, калі каманда забівае.

Пасля першага тайма Карагер вярнуўся да Шмейхеля і падзяліўся сваімі ўражаннямі: «Гэта фантастычна! Я знайшоў новых сяброў, я купляю абанемент і, магчыма, ужо не вярнуся ў Англію, я не ведаю. І гэта сапраўды дзіўна – не проста праз тое, што мы робім гэта для тэлебачання. Я заўсёды хацеў пабываць там як футбольны фанат, сёння мне гэта ўдалося. А калі яшчэ і забілі – ваў!»

На жаль, пасля матча Джэймі зноў давялося працаваць – але тады і пачалося самае цікавае.

– Джэймі, ты дастаткова цвярозы, каб працаваць?

– Магчыма, я буду неразборліва гаварыць. Я ухнуў каля васьмі пінтаў піва на Жоўтай сцяне. Цяпер у мяне ёсць новая сям'я, сям'я сяброў, мы клапоцімся адзін пра аднаго.

Джэймі нават не хаваў і ў каментарах да аднаго з пастоў у інстаграме CBS Sports Golazo выразна прызнаўся, што грунтоўна накаціў піўка з атмасфернымі фанатамі:

Праз імгненне да Карагера і Шмейхеля далучыўся Джэйдан Санча – адзін з галоўных герояў матча. Цёпленькі Джэймі прыязна абняў суайчынніка:

У студыі ўсе зноў смяяліся да слёз.

Самае смешнае ў інтэрв'ю – тое, колькі разоў Карагер дакрануўся да Санча:

«99 разоў Джэйдан Санча крануўся мяча ў матчы з «ПСЖ». 31 раз Джэймі Карагер дакрануўся да Джэйдана Санча на пасляматчавым інтэрв'ю», – жартам падлічыла Кейт.

Джэймі так спадабалася працаваць «у полі», што ён хоча і далей гэтым займацца:

– Алесандра Дэль П'ера, я спадзяюся, табе спадабалася ў студыі. Можаш заняць маё месца, мне тут так усё кайфова! Праўда ж, Петэр?

– Праўда, але ў цябе не надта добра атрымліваецца.

Карагер тым часам працягнуў насыпаць: «Я не памятаю імёнаў людзей, з якімі я правёў вечар, я ўсіх іх зваў «Кайзерамі». Яшчэ мне далі адмысловы падарунак – вось гэты шалік...»

«Але мне сказалі апрануць яго на матч у адказ, таму калі я буду сядзець у студыі, ён будзе на мне разам з гарнітурам, таму што цяпер я цалкам заўзею за «Барусію» Дортмунд», - запэўніў Карагер.

Пасля яго са Шмейхелем папрасілі так не гарлапаніць: «Усё, што ты кажаш, Джэймі, чуюць ва ўсіх інтэрв'ю свету, – сказаў Петэр і неўзабаве працягнуў, звяртаючыся да студыі. – Чатыры гады я шмат працаваў, каб наладзіць са ўсімі добрыя адносіны, а ён упершыню выбраўся на выезд, выпіў восем пінтаў піва і разбурыў мне рэпутацыю».

Вось такая яна – першая паездка ў Дортмунд на важны футбольны матч, які яшчэ і заканчваецца перамогай «Барусіі» 😅

Фота: CBS Sports Golazo

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты