Tribuna/Футбол/Блогі/Экс-партнёр Белькевіча і Хацкевіча Каха Каладзэ абразіў журналістку з-за яе пытання пра пратэсты ў Грузіі

Экс-партнёр Белькевіча і Хацкевіча Каха Каладзэ абразіў журналістку з-за яе пытання пра пратэсты ў Грузіі

Абазваў «бессаромнай сволаччу».

3 траўня, 02:40
Экс-партнёр Белькевіча і Хацкевіча Каха Каладзэ абразіў журналістку з-за яе пытання пра пратэсты ў Грузіі

У Грузіі працягваюцца пратэсты з-за прынятага законапраекта аб «замежных агентаў», які прадугледжвае кантроль над СМІ з боку грузінскіх прарасійскіх уладаў. Напярэдадні 1 траўня перад парламентам прайшла чарговая акцыя. Восем чалавек былі шпіталізаваныя. Мясцовыя сілавікі пацвердзілі выкарыстанне для разгону мітынгу вадамётаў і пярцовага спрэю.

СМІ і ўдзельнікі акцыі паведамлялі і пра выкарыстанне гумовых куль. Карэспандэнт Paper Kartuli чуў стрэлы. МУС інфармацыю пра выкарыстанне гумовых куль адмаўляе.

Экс-абаронца кіеўскага «Дынама» і «Мілана», а цяпер мэр Тбілісі і генеральны сакратар арыентаванай на Расію кіроўнай партыі «Грузінская мара» Каха Каладзэ адмовіўся каментаваць інфармацыю пра ўжыванне паліцыяй гумовых куль для разгону мітынгу 1 траўня. Замест гэтага Каладзэ назваў «бессаромнай сволаччу» журналістку, якая назвала заявы сілавікоў «бессаромнай хлуснёй», і ўдакладніла ў былога спартсмена, ці не сорамна яму за такія заявы.

Відэа размовы Каладзэ апублікаваў у сябе ў фэйсбуку з подпісам: «журналіст радыкалаў».

Журналістка Formula звярнулася да Каладзэ з пытаннем: «Вам не сорамна, што міністэрства ўнутраных спраў так нахабна хлусіць (пра тое, што гумовыя кулі не ўжываюцца – заўв. Paper Kartuli)?»

Далей адбыўся такі дыялог:

Каладзэ. Паводзьце сябе прыстойна. Вы ўвогуле хто?

Журналістка. Я журналістка тэлеканала Formula.

К. Вас што, не навучылі культуры ў сям'і?

Ж. Прабачце. Навошта пераходзіце на абразы?

К. Нахабныя ў цябе ў сям'і. Бессаромная сволач.

Ж. Спадар Каха... Гэта нармальна?!

К. Спадар Каха, не... паводзь сябе прыстойна і нахабнымі называй сваю маці і свайго бацьку, калі прыйдзеш дадому.

Ж. Вам мусіць быць няёмка...

К. Нявыхаваная... Ты нахабная і нявыхаваная.

Ж. Не пераходзьце на абразы...

К. А калі цябе нахабным завуць, гэта не абраза?

Ж. Гэта ацэнка факту, спадар Каха.

К. Нахабнымі называй сваіх бацькоў за тое, што цябе выхавалі такой.

Затое іншая легенда грузінскага футбола Шота Арвеладзэ падтрымала пратэсты народа Грузіі.

«Яны не далі нам адсвяткаваць гэта (выхад зборнай Грузіі на Еўра-2024 – заўв.), асабліва падлеткам, якія ад радасці скакалі на стадыёне і хадзілі ўсю ноч са сцягам у руках ад Руставелі да плошчы Свабоды. Святкаванне мусіла доўжыцца тыднямі і месяцамі.

Неверагодна, што столькі прыкладаў з мінулага недастаткова, а ўласныя амбіцыі ўвасабляюцца ў такім выглядзе. Часам лепш маўчаць, таму што я бачу пакаленне, якое можа зрабіць больш, чым мы, і часткова ўжо робіць гэта. Тыя, хто ўзняў руку на наступнае пакаленне, не павінны пазбегнуць пакарання. Адклікайце законапраект і папрасіце прабачэння перад усімі, хто пацярпеў. Дайце краіне шанец жыць нармальным жыццём», – напісаў Арвеладзэ ў сваім фэйсбуку.

Крыніца: фэйсбук Кахі Каладзэ

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты