Tribuna/Футбол/Блогі/«Інтэр» аформіў гістарычнае чэмпіёнства перамогай у дэрбі Мілана. Ключавыя факты пра гэтае золата

«Інтэр» аформіў гістарычнае чэмпіёнства перамогай у дэрбі Мілана. Ключавыя факты пра гэтае золата

Юбілейнае 20-е скудэта.

23 красавіка, 09:55
«Інтэр» аформіў гістарычнае чэмпіёнства перамогай у дэрбі Мілана. Ключавыя факты пра гэтае золата

У цэнтральным матчы 33-га тура Серыі А яе лідар «Інтэр» у дэрбі адолеў «Мілан» 2:1. Узнагародай для «нерадзуры» стаў не проста трыумф над адвечным супернікам – яшчэ яны датэрмінова аформілі чэмпіёнства.

За пяць тураў да канца турніру каманда Сімонэ Індзагі з 86 пунктамі ўжо недасяжная для найбліжэйшага праследавальніка, якім і з'яўляецца «Мілан».

Таму ў панядзелак сіняя частка Мілана мела асаблівую нагоду цешыцца перамозе ў дэрбі.

А мы апісваем чэмпіёнства «Інтэра» ключавымі тэзамі.

🔹 «Інтэр» здабыў гэтае скудэта, прайграўшы ўсяго раз за 33 туры. Гэта адбылося яшчэ ў 6-м туры, калі падапечныя Індзагі прайгралі дома «Сасуола» 1:2. Усё.

Астатнія матчы – гэта 27 перамог і пяць нічыіх. І гэта не што іншае як дамінацыя. Таму што ні ў адной іншай каманды з топ-5 чэмпіянатаў Еўропы няма такой колькасці перамог у розыгрышах ўнутраных першынстваў, што ідуць. Прынамсі, на гэтым адрэзку сезона.

🔹 «Нерадзуры» настолькі магутныя на ўнутранай арэне, што з'яўляюцца лідарамі з адрывам не толькі па пунктах.

У міланцаў найлепшая атака ў лізе. 79 галоў, у той час як у другога па паказніку «Мілана» 64.

У міланцаў найлепшая абарона ў Серыі А. Прапусцілі ўсяго 18 на фоне праследвальнікаў з «Ювентуса» і «Балонні», у якіх па 26.

У міланцаў найбольшая колькасць сухіх гульняў, аж 19, то бок амаль 60% матчаў!

У міланцаў найвышэйшы паказнік чаканых галоў у Серыі А – 68.7 xG. То бок яны яшчэ і забілі на 10 мячоў больш, чым мусілі.

🔹 Гэта адбіваецца і на індывідуальных дасягненнях. Лідар бамбардзіраў Серыі А – Лаўтара Марцінес – мае 23 мячы. Гэта на сем больш, чым у другога Улахавіча.

26-гадовы аргенцінец з'яўляецца безумоўным лідарам і капітанам гэтага чэмпіёнскага калектыву і з'яўляецца найлепшым па сістэме «гол плюс пас». Гэта 25 пунктаў.

🔹 Для «Інтэра» гэта чэмпіёнства юбілейнае, 20-е. Па гэтым паказніку каманда саступае толькі «Ювентусу», у якога 36 тытулаў.

Але разыначка ў тым, што гэта на адно скудэта больш, чым у «Мілана». І яго «нерадзуры» аформілі менавіта ў міланскім дэрбі! Прыгожа, калі, канешне, вы не фан «расанеры».

Папярэдняе золата «Інтэр» браў тры гады таму. У сезоне 2020/21 каманда Антоніа Контэ здабыла тыя ж 86 пункты, але не за 33 туры, а за ўсе 38.

🔹 Таксама гэтае чэмпіёнства выбітнае персанальна для Сімонэ Індзагі. Ён упершыню ўзяў скудэта ў статусе трэнера, дадаўшы яго да золата ў сезоне 1999/2000, калі ён святкаваў перамогу гульцом «Лацыа».

Такім чынам, Індзагі выйграў усе ўнутраныя трафеі ў Італіі і як гулец, і як трэнер.

🔹 Ды і для многіх гульцоў каманды гэта таксама дэбютнае скудэта. Гэта тычыцца большай часткі каманды – у прыватнасці Генрыха Мхітарана, Маркуса Цюрама, Хакана Чалханаглу, Дэнзела Думфрыса, Бенжамена Павара.

Цудоўная ўзнагарода для гэтых футбалістаў, якія правялі сапраўды выбітны сезон. Асабліва яго другую частку, падчас якой у «нерадзуры» была 10-матчавая пераможная серыя.

Брава, «Інтэр»!

Фота: Серыя А

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты